«Грукалі ў дзьверы аўтаматамі, прымушалі галасаваць за суседзяў». Мэр Мелітопаля расказаў, як праходзіў псэўдарэфэрэндум у акупацыі

На мітынгу супраць псэўдарэфэрэндуму ў расейскай акупацыі. Кіеў, верасень 2022

Мэр Мелітопаля Запароскай вобласьці Іван Фёдараў заявіў Свабодзе, што акупацыйныя ўлады зьбіралі галасы мясцовых жыхароў у падтрымку анэксіі Расеяй пры дапамозе сапраўднага тэрору.

«Каб „намаляваць“ хаця б якую яўку, сябры так званых камісій у суправаджэньні вайскоўцаў з аўтаматамі некалькі дзён хадзілі па дамах мелітопальцаў. Гэтыя дні абвясьцілі выходнымі ў школах, дзіцячых садках, каб дарослыя былі дома зь дзецьмі. Жыхары чынілі супраціў: зьяжджалі на вёску, не адчынялі дзьвярэй, адмаўляліся галасаваць», — расказаў Свабодзе Іван Фёдараў.

Самога Івана Фёдарава выкралі акупацыйныя ўлады адразу пасьля захопу Мелітопаля. Ён прабыў у палоне некалькі дзён, але яго вызвалілі. Цяпер ён на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Паводле Фёдарава, фальшывае галасаваньне ператварылася ў акупаваным горадзе ў сапраўдны жах:

Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў

«Па-першае, людзей запалохвалі ад самага пачатку: аўтаматамі грукалі ў дзьверы, патрабуючы галасаваць. Па-другое, ні пра якую таямніцу галасаваньня гаворкі не было. Акупанты з аўтаматамі назіралі, дзе чалавек ставіць „птушку“, і калі бачылі „супраць“, папярэджвалі, што прымусяць перадумаць, і пагражалі дэпартацыяй. Па-трэцяе, абмежавалі доступ у цэнтральны парк, дзе жыхары прызвычаіліся гуляць зь дзецьмі. Імітавалі выбухі, каб запалохаць і прымусіць заставацца дома», — дадаў мэр Мелітопаля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі вынікі псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны

Іван Фёдараў дадаў, што з прычыны катастрафічна нізкай яўкі прадстаўнікі акупацыйных выбаркамаў паўторна пакватэрна абыходзілі шматпавярховыя і прыватныя дамы ў Мелітопалі.

«Невялікую колькасьць жыхароў, якія ўсё ж такі адчынялі дзьверы, прымушалі галасаваць за адсутных сваякоў і суседзяў, за тых, хто эвакуаваўся з акупацыі. Гэтыя псэўдарэфэрэндумы не зьмянілі настрою ўкраінцаў — мы будзем працягваць вызваляць сваіх людзей і сваю тэрыторыю», — падкрэсьліў мэр Мелітопаля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі анансавалі анэксію акупаваных украінскіх тэрыторый

Іван Фёдараў паведаміў, што, як папярэдне вядома, у псэўдарэфэрэндуме ўзялі ўдзел толькі 0,5 % жыхароў Запароскай вобласьці.

«І амаль усе зь іх — толькі праз пагрозы і тэрор. Вядома, ніводная цывілізаваная дзяржава не прызнае ні правядзеньня, ні вынікаў такога фэйкавага галасаваньня», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным Мелітопалі быў выбух у штабе руху «Мы разам з Расеяй», дзе вялі падрыхтоўку да фіктыўнага «рэфэрэндуму»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.