Пра гэта Zerkalo.io напісалі некалькі чытачоў, такую ж інфармацыю апублікавалі тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў.
У «Белагра» працуе Дзьмітры Семчанка — журналіст і былы кіраўнік «прэзыдэнцкага пулу», якога раней затрымаў ГУБАЗіК.
Як расказалі выданьню супрацоўнікі «Белагра», у офіс кампаніі сілавікі прыйшлі каля 9-й раніцы. Кіраўніцтва затрымалі адразу ж, у астатніх супрацоўнікаў пачалі правяраць тэлефоны. Падпісаных на так званыя «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы затрымлівалі.
Дакладнай прычыны супрацоўнікі «Белагра» ня ведаюць. На іх думку, візыт сілавікоў можа быць зьвязаны з падтрымкай кіраўніцтвам і супрацоўнікамі пратэсту ў 2020 годзе. Фармальная прычына, якую назвалі работнікам кампаніі — «нявыплата падаткаў».
Начальнікам піяр-службы «Белагра» зьяўляецца былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў, экс-супрацоўнік тэлеканала АНТ Дзьмітры Семчанка. 16 верасьня яго арыштавалі на 15 дзён паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
У верасьні 2020 году Семчанку ўжо арыштоўвалі на 15 сутак. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён звольніўся з тэлеканала, дзе прапрацаваў 11 гадоў, на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненьні да нязгодных з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня.
Кампанія «Белагра» займаецца экспартнымі пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектных частак ад беларускіх вытворцаў. У яе 47 філіялаў у Беларусі, Расеі, Казахстане і Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшую аграрную выставу Беларусі перанесьлі на восень у сувязі з каранавірусам