Украінцы ўтвараюць «кацёл» пад Ліманам, расейцы абстралялі 28 населеных пунктаў Украіны

Украінскі салдат-сапёр на мяжы Данейцкай вобласьці, 20 верасьня 2022

Што паведамляюць заходняя выведка і ўкраінскі Генштаб аб сытуацыі на франтах расейскай вайны супраць Украіны.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі за мінулыя суткі з авіяцыі і артылерыі абстралялі 28 населеных пунктаў у Данецкай, Луганскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Сумскай абласьцях.

«За мінулыя суткі праціўнік нанёс тры ракетныя і восем авіяцыйных удараў, ажыцьцявіў больш як 82 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Ўкраіны. Ад варожых удараў пацярпелі звыш 28 населеных пунктаў», — паведаміў сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.

Уначы ад ракетнага ўдару па жылых кварталах гораду Дніпро трое грамадзян загінулі, у тым ліку адно дзіця, і яшчэ 15 мірных грамадзян атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паехаў ва Ўкраіну, каб сказаць: «Беларусы з вамі!». Беларус зь цяжкай формай ДЦП выправіўся на Данбас з гуманітарнай місіяй

Расейскія войскі могуць трапіць у «кацёл» на Данеччыне

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) зьвяртае асаблівую ўвагу на актыўныя баі пад горадам Ліман у Данецкай вобласьці. Экспэрты інстытуту не выключаюць, што ўкраінскія войскі ў тым раёне прасоўваюцца такім чынам, каб узяць праціўніка ў кола.

«Страта Лімана будзе мець сур’ёзныя наступствы для расейскай групоўкі на поўначы Данецкай і захадзе Луганскай абласьцей. Гэта дазволіць украінскім войскам пагражаць расейскім пазыцыям уздоўж заходняй мяжы Луганскай вобласьці і ў раёне Севераданецку і Лісічанску», — мяркуюць экспэрты ISW.

Цяпер Расея можа забясьпечваць свае сілы пад Ліманам толькі вузкім калідорам праз населены пункт Торскае, а яго ўжо прастрэльваюць украінцы.

Паводле ISW, расейскае вайсковае кіраўніцтва не рыхтавалася да каляпсу на гэтым участку фронту, што, імаверна, яшчэ больш пагоршыць нізкі маральных дух расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны: «Пуцін ударамі па цывільнай інфраструктуры пацьвердзіў статус тэрарыста»

Выведка Вялікай Брытаніі: з Расеі выехалі амаль 200 тысяч грамадзян

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што за сем дзён пасьля абвяшчэньня прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным мабілізацыі з краіны выехала вялікая колькасьць грамадзян.

«Хоць дакладныя лічбы невядомыя, яны, імаверна, перавышаюць агульны лік сіл уварваньня, якія выставіла Расея ў лютым 2022 году», — мяркуюць у выведцы. Перад пачаткам вайны Расея сканцэнтравала ўздоўж мяжы з Украінай звыш 170 тысяч вайскоўцаў.

Выведка Вялікай Брытаніі зьвярнула ўвагу на тое, што найчасьцей з Расеі выяжджаюць найбольш забясьпечаныя і адукаваныя. І гэты фактар, разам з мабілізацыяй, паўплывае на ўнутрырасейскі рынак працоўнай сілы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходняя выведка: расейская армія страчвае свае перавагі ў паветры і на зямлі, украінцы працягваюць наступ

Генштаб Украіны: у раёны баёў Расея накіроўвае навабранцаў без падрыхтоўкі

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што Расея працягвае накіроўваць у раёны баявых дзеяньняў толькі што мабілізаваных, якія зьяўляюцца малакваліфікаванымі.

«26 верасьня ў Ліман Данецкай вобласьці накіравалі 7 танкаў, два зь якіх трапілі ў ДТП на маршруце перамяшчэньня. Апроч таго, сфармаваныя экіпажы таксама не прайшлі належнай агнявой падрыхтоўкі з прымяненьнем штатнага ўзбраеньня танкаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле ўкраінскага Генштабу, 27 верасьня ў Херсон накіравалі 2000 мабілізаваных у Крыме. «Вайсковыя камісары атрымалі распараджэньне аб першачарговым прызыве ў шэрагі расейскіх акупацыйных войскаў крымскіх татараў з накіраваньнем іх у баявыя часткі ў раёнах, дзе адбываюцца найбольш інтэнсіўныя баі», — адзначылі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада заявіла, што дапаможа Ўкраіне ў аднаўленьні пашкоджанай расейскімі абстрэламі чыгункі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.