Яе паведаміла выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, павелічэньне стратаў у паветраных сілах Расеі «часткова зьяўляецца вынікам таго, што расейскія ВПС прымаюць на сябе большыя рызыкі, калі спрабуюць забясьпечыць блізкую падтрымку з паветра сваім сухапутным сілам пад ціскам наступу Ўкраіны».
У брытанскай выведцы таксама адзначылі кепскую дасьведчанасьць расейскіх пілётаў, празь якую іхныя самалёты хутка апыналіся на тэрыторыях, кантраляваных украінскімі войскамі, бо лінія фронту хутка зьмянялася.
«Адсутнасьць у Расеі перавагі ў паветры застаецца адным з найважнейшых фактараў, якія падмацоўваюць хісткасьць яе апэрацыйнай структуры ва Ўкраіне», — рэзюмавалі ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) адзначаюць прагрэс украінскага контранаступу ў Херсонскай вобласьці, які расейцы намагаюцца толькі запаволіць, а не спыніць, адыходзячы на больш прыдатныя для абароны пазыцыі.
«Расейскія войскі, падобна, намагаюцца ажыцьцявіць больш мэтанакіраванае і кантраляванае адвядзеньне ў заходняй частцы Херсонскай вобласьці, каб пазьбегнуць хаатычных уцёкаў, якія характарызавалі крах расейскіх абаронных пазыцый у Харкаўскай вобласьці ў пачатку гэтага месяца», — адзначылі экспэрты ISW.
Паводле іх, расейцы істотна ўмацаваліся на захадзе Херсонскай вобласьці больш прафэсійнымі і аснашчанымі падразьдзяленьнямі, якія падрыхтаваныя да ўкраінскага контранаступу, у адрозьненьне ад тых фармаваньняў, якія знаходзіліся ў Харкаўскай вобласьці.