Пра гэта ў сераду заявілі кіраўнік Эўракамісіі Ўршуля фон дэр Ляен і кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жазэп Барэль.
Лідэры ЭЗ назвалі мінулае галасаваньне псэўдарэферэндумамі, адзначыўшы, што іх абвешчаныя вынікі, паводле якіх жыхары чатырох абласьцей Украіны, як сьцьвярджаецца, прагаласавалі за ўступленьне ў Расею, ніколі ня будуць прызнаныя краінамі Эўразьвязу.
У пакет санкцый — восьмы па ліку з пачатку буйнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны — прапануецца ўключыць далейшыя абмежаваньні на імпарт расейскіх тавараў. Яны павінны, паводле разьлікаў, пазбавіць расейскі бюджэт не менш як 7 млрд даляраў даходаў. Паводле інфармацыі карэспандэнта Радыё Свабода, гаворка ідзе, напрыклад, пра цыгарэты, паперу, цэлюлёзу. Раней шэраг СМІ сьцьвярджалі, што размова можа ісьці, у прыватнасьці, аб неапрацаваных алмазах, аднак у прапанове Эўракамісіі яны ня ўзгадваюцца.
Таксама, прапануецца ўвесьці новыя абмежаваньні на імпарт у Расею, у прыватнасьці электронікі і шэрагу хімічных рэчываў. Прапануецца таксама забараніць грамадзянам ЭЗ займаць пасады ў саветах дырэктараў расейскіх дзяржаўных карпарацый.
Акрамя таго, прапануецца стварыць прававы мэханізм для ўвядзеньня столі цаны на расейскую нафту. Апошняя мера падчас нядаўніх абмеркаваньняў не знайшла падтрымкі краінаў ЭЗ.
Чакаецца і пашырэньне сьпісаў фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад санкцыі. Пры гэтым, як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, Вугоршчына зноў выступіла супраць санкцыяў у дачыненьні да патрыярха Кірыла.
Прапанову Эўракамісіі зараз будуць абмяркоўваць прадстаўнікі 27 краінаў ЭЗ, для ўхваленьня санкцый неабходны кансэнсус.
Злучаныя Штаты заявілі, што таксама ў бліжэйшы час абвесьцяць пра новыя санкцыі ў сувязі з так званымі рэфэрэндумамі.