Па сьцьвярджэньнях расейскага боку, за ўваходжаньне ў склад Расеі нібыта прагаласавалі:
99,23% удзельнікаў у так званай «ДНР»;
98,42% — у так званай «ЛНР»;
87,05% — у акупаванай Херсонскай вобласьці;
93,11% — у акупаванай Запароскай вобласьці.
Лідэры розных краін сьвету неаднаразова заяўлялі, што яны не прызнаюць вынікаў псэўдарэфэрэндумаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас выступу ў ААН заявіў, што калі Расея прызнае вынікі псэўдарэфэрэндумаў па ўваходжаньні так званых «ЛНР», «ДНР» і акупаваных расейскімі войскамі частак Херсонскай і Запароскай абласьцей у склад РФ, то яму «ня будзе пра што размаўляць» з Уладзімірам Пуціным.
«Прызнаньне Расеяй гэтых псэўдарэфэрэндумаў як нармальных, ажыцьцяўленьне цяпер так званага крымскага сцэнару, чарговая спроба анэксаваць украінскую тэрыторыю будзе азначаць, што нам няма пра што гаварыць з прэзыдэнтам Расеі. Анэксія — гэта той крок, які ставіць яго сам-насам супраць усяго чалавецтва», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
«Настоящее время» расказала, як іншыя міжнародныя арганізацыі і краіны адрэагавалі на абвешчаныя вынікі псэўдарэфэрэндумаў.
ААН
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш яшчэ да абвяшчэньня «вынікаў» заяўляў, што праведзеныя расейскімі вайскоўцамі псэўдарэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях ня маюць легітымнасьці з пункту гледжаньня міжнароднага права.
NATO
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг таксама заявіў, што праведзеныя псэўдарэфэрэндумы «нелегітымныя і зьяўляюцца адкрытым парушэньнем міжнароднага права». «Гэтыя тэрыторыі — Украіна», — дадаў ён.
G7
Лідэры краінаў «вялікай сямёркі» (G7) з пачаткам так званага галасаваньня заявілі, што ніколі не прызнаюць псэўдарэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны і магчымую анэксію іх Расеяй.
«Мы, лідэры G7, рашуча асуджаем фіктыўныя рэфэрэндумы, якія Расея спрабуе выкарыстоўваць для стварэньня ілжывай падставы для зьмены статусу сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны, якая зьяўляецца аб’ектам расейскай агрэсіі», — гаварылася ў заяве.
Альбанія
Прадстаўнік Альбаніі пры ААН Фэрыт Хаджа скрытыкаваў правядзеньне псэўдарэфэрэндумаў і назваў іх нелегітымнымі. Альбанія сумесна з ЗША таксама ініцыявала рэзалюцыю з асуджэньнем дзеяньняў РФ і патрабаваньнем, каб расейскія войскі неадкладна пакінулі акупаваныя тэрыторыі. «Калі на цябе накіраваны пісталет, то працэс [прыняцьця рашэньня] паскараецца», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў «мэту нумар адзін» для Ўкраіны і для акупантаўБразылія
Прадстаўнік Бразыліі пры ААН Раналда Коста Фільё заявіў, што яго краіна таксама асуджае дзеяньні Расеі на акупаваных тэрыторыях Украіны. «Глупствам ёсьць меркаваць, што людзі ў зоне баявых дзеяньняў могуць свабодна выказваць сваю волю. Гэта яшчэ адзін крок, які вядзе да эскаляцыі канфлікту», — заявіў ён.
Індыя
Індыя — партнэр Расеі ў міжнароднай эканамічнай арганізацыі БРІКС, якая зьяўляецца альтэрнатывай Сусьветнаму банку і іншым заходнім палітычным арганізацыям. Індыя таксама адна зь нямногіх краін, якая галасавала супраць рэзалюцый, што асуджаюць уварваньне Расеі ва Ўкраіну. Аднак пазыцыя краіны пасьля сямі месяцаў вайны пачала паступова мяняцца. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Індыі Арындам Багчы з пачаткам так званага галасаваньня хоць адкрыта і не крытыкаваў дзеяньні Расеі, але заявіў, што Індыя падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць краінаў.
«Індыя неаднаразова падкрэсьлівала неабходнасьць неадкладна спыніць усе баявыя дзеяньні і вырашыць канфлікт з дапамогай дыялёгу і дыпляматыі. Пазыцыя Індыі таксама зразумелая і пастаянная ў тым, што тычыцца сувэрэннасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўцягнутых краін», — каментаваў Багчы.
У Індыі таксама адмовілі прысутнасьць афіцыйных назіральнікаў за псэўдарэфэрэндумамі, як пра гэта раней заявіла Расея.
Кітай
Кітай шмат у якіх пытаньнях у міжнароднай палітыцы лічыцца партнэрам Расеі, заходнія аналітыкі часта абʼядноўваюць іх у катэгорыю антызаходніх сілаў. Кітай неаднаразова блякаваў у розных міжнародных арганізацыях рэзалюцыі, якія спрабавалі асудзіць дзеяньні Расеі ў розных канфліктах. Аднак, як і Індыя, яшчэ да абвяшчэньня «вынікаў» кітайскія дыпляматы не выказвалі падтрымкі Расеі і акуратна крытыкавалі тое, што адбываецца.
«Кітай заўсёды настойваў на прынцыпе, што тэрытарыяльная цэласнасьць усіх краін павінна паважацца, а мэты і прынцыпы статуту ААН павінны выконвацца. Да легітымных пытаньняў бясьпекі ўсіх краін павінны ставіцца сурʼёзна. Датычна Ўкраіны Кітай заўсёды стаяў на баку міру і падтрымліваў перамоўны працэс. Мы працягнем падтрымліваць міжнародную супольнасьць у канструктыўных спробах вырашыць гэтую сытуацыю», — заявіў прэс-сакратар міністра замежных спраў Кітаю Ван Вэньбінь.
Латвія, Літва, Эстонія
Краіны Балтыі пасьля абвяшчэньня папярэдніх «вынікаў» псэўдарэфэрэндумаў падпісалі сумесную заяву, зьвернутую да старшыні Рады Бясьпекі ААН. У ім краіны назвалі дзеяньні Расеі — а менавіта правядзеньне псэўдарэфэрэндумаў, абвяшчэньне мабілізацыі і пагрозы ядзернай зброяй — «эскаляцыяй каляніяльнай, імпэрыялісцкай і расісцкай вайны супраць Украіны».
«Крэмль нават не паклапаціўся хоць неяк замаскаваць ганебную прыроду сваіх дзеяньняў. Ня можа быць нічога больш далёкага ад свабодных і сумленных выбараў, калі ваенныя бакі, якія акупуюць, стаяць над [людзьмі, якія] запаўняюць бюлетэні. Калі на цябе нацэлены аўтамат, ты можаш альбо паставіць галачку ў „правільным“ полі, альбо чакаць перасьледу, катаваньняў і нават сьмерці», — гаворыцца ў заяве краінаў Балтыі. Яны таксама падкрэсьлілі, што ніколі не прызнаюць легітымнасьць анэксіі акупаваных тэрыторый, якая рыхтуецца.
Нідэрлянды
Прэмʼер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ ў сваім афіцыйным твітэры назваў псэўдарэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях «нелегітымнымі» і заявіў, што Нідэрлянды гатовыя пастаўляць больш ваеннай дапамогі Ўкраіне і падтрымаць пашырэньне санкцый у дачыненьні да Расеі.
Польшча
Кіраўнік МЗС Польшчы Зьбігнеў Раў у інтэрвію тэлеканалу NBC News заявіў, што Польшча, як і іншыя краіны, не прызнае апублікаваных Расеяй вынікаў псэўдарэфэрэндумаў. «З пункту гледжаньня закону яны ня маюць значэньня. Міжнародная супольнасьць не прызнае гэтыя вынікі», — сказаў Раў.
ЗША
Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША пасьлядоўна на працягу некалькіх тыдняў заяўлялі, што не прызнаюць абвешчаныя РФ вынікі так званага галасаваньня. У Белым доме іх назвалі «загадзя сфабрыкаванымі» і паабяцалі ўвесьці дадатковыя эканамічныя санкцыі, калі РФ анэксуе тэрыторыі.
ЗША разам з Альбаніяй падрыхтавалі рэзалюцыю для Рады Бясьпекі ААН з асуджэньнем правядзеньня псэўдарэфэрэндумаў і заклікам да краін-удзельніц не прызнаваць якія-колечы зьмены ўкраінскай мяжы, а таксама патрабаваньнем, каб Расея вывела з краіны свае войскі.
Швэцыя
Міністар замежных спраў Швэцыі Ан Лінд, выступаючы ў ААН, рэзка скрытыкавала Расею ў сувязі з правядзеньнем псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях. Яна назвала іх вынікі «нелегітымнымі».
«Вайна ва Ўкраіне павінна спыніцца, а расейскія вайскоўцы — пакінуць яе тэрыторыю. Фэйкавыя рэфэрэндумы на ўкраінскай тэрыторыі нелегальныя і нічога ня зьменяць, — заявіла Лінд. — Таксама ніякае бразганьне ядзернай зброяй або эскаляцыя канфлікту ня спыніць нашу падтрымку Ўкраіны».