«Расейцы яшчэ да мабілізацыі куплялі сабе нерухомасьць у Беларусі, у гэты момант пакуль росту попыту на кватэры мы ня бачым», — падзяліўся назіраньнямі са Свабодай прадстаўнік рыэлтарскай кампаніі.
Мы паглядзелі, што адбываецца зь нерухомасьцю ў рэгіёнах.
«Нязьменна добра прадаюцца двухпакаёвыя кватэры»
Адзін з папулярных сэрвісаў продажу і арэнды кватэр у Гомлі — пляцоўка «Мая рэкляма».
Па стане на 28 верасьня тут прапаноўвалі на продаж 1418 кватэр. Аднапакаёвая ў цэнтры гораду (вуліца Новапалеская) прадаецца за 50 тысяч рублёў (каля 19 тысяч даляраў). Пра кватэру няма аніякіх падрабязнасьцяў і здымкаў.
У цэнтры гораду выстаўлена на продаж 2-пакаёвая кватэра за 90 тысяч рублёў (35 тысяч даляраў). Побач — дзіцячы садок, школа, унівэрсытэт, цэнтральны рынак, чыгуначны вакзал.
Аднапакаёвая кватэра ў прывабным для пакупніка мікрараёне зь відам на раку Сож каштуе 114 тысяч рублёў (45 тысяч даляраў). Кватэра ў новым доме, з агароджанай тэрыторыяй, аховай, паркоўкай. Дом здадзены ў 2019 годзе. Побач парк і рака Сож.
За двухпакаёвую ў спальным мікрараёне «Сяльмаш» просяць 96 тысяч рублёў (каля 37 тысяч даляраў). Кватэра мае ахову, рамонт, новыя падлогу і сантэхніку, сыгналізацыю.
У арэнду ў Гомлі прапануюць, як відаць з абвестак на «Маёй рэкляме», звыш 370 кватэр. Больш за 390 прапаноў — на «Куфры».
Аднапакаёвую кватэру ў цэнтры гораду можна наняць за 250 рублёў у месяц плюс камунальныя. У Савецкім раёне Гомля аднапакаёвую кватэру прапануюць у арэнду за 320 рублёў, двухпакаёвую ў цэнтры — за 380 рублёў. За 450 рублёў можна наняць добрую аднапакаёвую кватэру ў паркавай зоне гораду.
«Утульная кватэра, сьветлая, чыстая. Пральная машына, лядоўня, газавая пліта, мэбля, пасьцельная бялізна. Ціхі двор. Прыстойныя суседзі», — пішуць гаспадары кватэры.
«Двухпакаёвыя кватэры традыцыйна прадаюцца добра. Зімой і на пачатку вясны быў застой на рынку, летам пачаўся невялікі, але ўздым продажу кватэр. Прадаюцца, хоць ня так лёгка, і трох-, і чатырохпакаёвыя кватэры. Цэны, вядома, не такія, як да 2020 году, трохі абвал ёсьць. Пакупніцкую здольнасьць я б ацаніў як невысокую цяпер. Расейцы і раней куплялі ў нашым горадзе кватэры, цяпер нейкага ажыятажу я пакуль ня бачу. Наўрад ці яны зьбіраюцца заставацца на стала ў Гомлі», — пракамэнтаваў экспэрт па нерухомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на кватэры зьнізіліся ў 14 з 17 буйных гарадоў Беларусі. Сярод прычын — каранавірус, палітычная і эканамічная нестабільнасьць«Раней бы прадалі даражэй, вядома»
Сьцяпан (імя зьмененае. — РС) нядаўна прадаў у Гомлі 4-пакаёвую кватэру. Бо, як сам кажа, «часова зьехаў за мяжу». Абвесткі аб продажы давалі на «Маёй рэкляме», «Куфры» і «Realt.by». Перад продажам вывучалі цэны на падобныя кватэры па горадзе. Вырашылі скарыстацца і паслугамі рыэлтараў.
«Яны нас расчаравалі. Зь дзесяці рыэлтараў, зь якімі я стасаваўся, толькі адзін мне падаўся адэкватным і прафэсійным. Хоць астатнія працуюць на рынку шмат гадоў. Мне здалося, што рыэлтары абсалютна ня ведаюць свайго тавару, якія фактары галоўныя пры продажы, а якія другасныя. Яны арыентуюцца толькі на статыстыку продажу кватэр і вызначаюць сярэднюю цану на мэтар квадратны па раёнах гораду, не зьвяртаючы ўвагі на матэрыял сьцен, рамонт, паверх, інфраструктуру. Яны ня могуць растлумачыць патэнцыйнаму пакупніку вартасьці і заганы кватэры. Расказваюць пра „модныя раёны“ з новымі дамамі, у якія, па іхнай вэрсіі, уваходзіць і „Швэдзкая горка“ — новы раён, мала прыдатны для жыцьця», — кажа беларус.
Першапачаткова 4-пакаёвую кватэру ў цэнтры гораду з добрым рамонтам ён выставіў за 55 тысяч даляраў.
«У 2019–2020-м я прадаў бы яе за 60 тысяч, але цяпер іншы час. Рыэлтары казалі мне, што я прадам яе максымум за 45 тысяч даляраў, бо цэны на кватэры падаюць. Кватэру прадавалі больш за два месяцы. Па выніку прадалі за 50 тысяч даляраў. Калі б не тэрміновасьць, то я думаю, што на 2–3 тысячы даляраў можна было б даражэй прадаць. Былі чатыры патэнцыйныя пакупнікі. Цану стараліся скінуць усе, але пагаджаліся, што яна даволі абгрунтаваная. Адзін ня змог купіць, бо трэба было дадаткова браць крэдыт. Калі ён даведаўся, якія выплаты па крэдыце — адмовіўся, вырашыў купіць меншую кватэру. Урэшце кватэру купілі мясцовыя для свайго сына», — дадаў беларус.
Ён ацаніў, што кватэр у Гомлі прадаецца «прыкладна столькі ж, як і раней», але пакупнікоў менш.
«У людзей няма грошай праз крызіс, дый кошт крэдытаў значна вырас. Сярэдняя сям’я ня можа ўзяць крэдыт нават на 10 тысяч даляраў», — кажа Сьцяпан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост інфляцыі ў 3,5 раза, 1262 палітзьняволеныя, 10 «палітычных» сьмерцяў. Што зьмянілася ў Беларусі за 2 гады крызісу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая зямля». «На „двушку“ за 1300 эўра прэтэндавалі 717 чалавек». Беларуска расказвае, як жывецца прыежджым у Бэрліне