Мінус 4,9% — на столькі прасеў ВУП Беларусі ў студзені — жніўні ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. ВУП — валавы ўнутраны прадукт, які паказвае вартасьць усіх прададзеных у краіне тавараў і паслуг ва ўсіх сэктарах эканомікі. Гэта асноўны паказчык стану эканомікі краіны.
- Найгоршая сытуацыя ў Менскай вобласьці — там ВУП прасеў на 8,9%, у сталіцы ВУП зьнізіўся на 5%.
- У Гомельскай вобласьці — мінус 4,6%
- У Горадзенскай — мінус 3,6%
- У Магілёўскай — мінус 3,4%
- У Віцебскай — мінус 2,7%
- У Берасьцейскай — мінус 2,5%
Аднак у ліпені ВУП быў яшчэ ў большым мінусе ў параўнаньні зь мінулым годам — 5,2%. Жнівеньскі паказчык палепшыўся дзякуючы ўраджаю ў сельскай гаспадарцы.
Чаму прасядае эканоміка
Санкцыі ЭЗ, страта ўкраінскага рынку — такія фактары нэгатыўнага ўплыву на эканоміку Беларусі называе Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Beroc, незалежнага акадэмічнага цэнтру ў галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі.
«Мы бачым, што пастаўкі ў ЭЗ зьнізіліся больш як на 50%, цалкам сышоў экспарт нафтапрадуктаў, таксама праблемы з экспартам дрэваапрацоўкі, плястыку, гумы — усе падсанкцыйныя галіны скараціліся па экспарце. З Украінай Беларусь не гандлюе зусім, і гэта таксама вялікі кавалак рынку, найбольш гэта б’е па нафтаперапрацоўцы», — пералічвае Кацярына Барнукова.
Цяпер Беларусь спрабуе пераарыентаваць свой экспарт. І тут нават ёсьць станоўчыя тэндэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 650 крамаў, гандаль алькаголем, уласная вытворчасьць. Расказваем пра «Востраў чысьціні», які атакавалі ўладыШто пазытыўна паўплывала на эканоміку
Да запавольваньня зьніжэньня ВУП прычыніліся ўраджай, сытуацыя ў апрацоўчай прамысловасьці, разгрузка складоў. Такія факты называе Кацярына Барнукова.
«Пачалі зьніжацца складзкія запасы, гэта не тлумачыцца посьпехамі ў сельскай гаспадарцы. Відаць, пачала паляпшацца сытуацыя з экспартам. Ролю магло сыграць і наладжваньне лягістыкі па каліі. Такое адчуваньне, што ў мінулым месяцы ВУП дасягнуў дна, а пасьля ад яго адштурхнуўся», — кажа Кацярына Барнукова.
Як падзеньне ВУП адбіваецца на людзях
Зьніжэньне ўнутранага валавога прадукту ўплывае на звычайнае жыцьцё людзей, што бачна на прыкладах.
«Назіралася скарачэньне свайго попыту, зьнізіўся розьнічны таваразварот, будаўніцтва, прасела сфэра паслуг», — кажа Кацярына Барнукова.
З прычыны зьніжэньня эканомікі людзі адчуваюць зьніжэньне даходаў, што вядзе да зьніжэньня тратаў і пакупніцкай здольнасьці.