Паводле інтэрвію брытанцаў выданьню Daily Mail, іх білі па некалькі гадзін: білі токам, наносілі нажавыя раненьні і інсцэнавалі сьмяротную кару.
Увечары 22 верасьня пяць грамадзян Вялікай Брытаніі — Эйдэн Асьлін, Шон Пінэр, Джон Гардынг, Дылан Гілі і Эндру Гіл — вярнуліся на радзіму. Іх удалося вызваліць пры пасярэдніцтве Саудаўскай Арабіі.
Вызваленьня не дачакаўся Пол Уры, які загінуў у палоне так званай «ДНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі бок вярнуў цела брытанца Пола Уры са сьлядамі катаваньняў, — амбудсмэн УкраіныГрамадзяне Брытаніі паведамілі, што два дні да свайго вызваленьня яны правялі ў дарозе. Спачатку каля 20 гадзін іх перавозілі «перавязаных скотчам на падлозе грузавіка» з акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці Ўкраіны ў Расею, адтуль — у Саудаўскую Арабію, і толькі пасьля яны вылецелі на радзіму.
Паводле іх, толькі на борце самалёта ў Саудаўскую Арабію ім далі сапраўдную ежу.
«У нас была ялавічына і рыс, курыца, блінцы з начынкай», — сказаў Джон Гардынг.
Ён дадаў, што моцна схуднеў у зьняволеньні. Ён і яшчэ некалькі палонных утрымліваліся ў цеснай турэмнай камэры.
Джон Гардынг паведаміў, што турэмныя наглядчыкі ператварылі стары тэлефон у прыладу для катаваньняў — ваеннапалонным загадвалі набраць нумар, а калі цыфэрблят паварочваўся, іх білі токам.
«Білі, потым білі токам і зноў білі. Адзін хлопец атрымаў нажавое раненьне ў нагу, пасьля чаго яго зашылі. Думаю, нас катавалі дзеля забавы», — падкрэсьліў Гардынг.
Вызваленыя палонныя сьцьвярджаюць, што на іх увесь час ціснулі псыхалягічна. Як паведаміў Гардынг, ягоныя ахоўнікі прымусілі запісаць разьвітальнае відэа для дачкі перад сваім расстрэлам.
Эйдэн Асьлін (яму ў так званай «ДНР» прысудзілі сьмяротную кару. — РС) паведаміў, што турэмныя ахоўнікі нанесьлі яму нажавыя раненьні і інсцэнавалі сьмяротнае пакараньне.
У ноч на 22 верасьня стала вядома пра найбольшы за ўвесь час з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абмен палоннымі. Абмен ажыцьцяўляўся ў розных лякацыях. Гэта была 28-я па ліку апэрацыя абмену палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў Украіны і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перадача Ўкраіне з Расеі палонных упершыню адбывалася празь Беларусь. Што вядома пра лягістыку абменуРасея вызваліла 215 украінцаў і 10 вайскоўцаў Інтэрнацыянальнага легіёну, а Ўкраіна — 55 расейцаў і калябарантаў, а таксама арыштаванага праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе Віктара Медзьведчука, лідэра ўжо забароненай ва Ўкраіне партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кума Пуціна вызвалілі 200 украінскіх салдатаў. Дэталі найбольшага абмену палоннымі між Расеяй і Ўкраінай. ФОТА і ВІДЭА