Як паведаміла расейская служба BBC News, позвы прыходзяць асьпірантам і выкладчыкам без баявога досьведу, а таксама тым, хто раней удзельнічаў у акцыях пратэсту.
«Я гатовы ламаць нагу, руку, сядзець у СІЗА і ніякімі спосабамі ня ісьці ў гэты замес. Адсюль і спакой. Так, я абаронены адтэрміноўкай, але я цудоўна разумею, што рана ці позна ў цябе ня будзе ніякіх правоў», — цытуе BBC News на ананімных умовах свайго суразмоўцу з Калінінграду.
Мужчына паведаміў, што з раніцы некалькіх ягоных сяброў ужо шукаюць, каб забраць у войска.
«Калі ў першыя тыдні вайны была паніка, то цяпер ужо зразумела, як думаюць людаеды і ў рамках якіх хітрыкаў ты можаш круціцца. Калі ёсьць плян, невядомасьць ужо ня так палохае. Ну і да таго ж перажываньнямі сабе, жонцы і дачцэ не дапаможаш. Ёсьць пра што думаць і бяз гэтага», — дадаў ён.
Паводле BBC News, у вялікай колькасьці расейцаў на працы раптоўна пачалі прасіць сканы вайсковых білетаў і іншыя зьвесткі, спасылаючыся на адпаведныя распараджэньні вайсковых камісарыятаў. У некаторых арганізацыях нават патрабавалі сьпісы супрацоўнікаў для праходжаньня вайсковых збораў. Усе гэтыя распараджэньні былі датаваныя 20 верасьня, хаця мабілізацыю абвясьцілі 21 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад марш «Разьвітаньне славянкі»: Як у Расеі мабілізаваныя едуць на вайну з Украінай. ВІДЭАМасавая мабілізацыя пачалася з аддаленых рэгіёнаў Расеі
Тэлеканал «Настоящее время» паведаміў, што ўжо ў першы дзень пасьля абвяшчэньня частковай мабілізацыі рэгіянальныя ўлады пачалі набіраць грамадзян на вайну.
У Якуціі, напрыклад, усім рэзэрвістам забаранілі выяжджаць за межы месца жыхарства, а працадаўцам загадалі звольніць мабілізаваных і забясьпечыць іхную яўку ў вайсковыя камісарыяты.
«Афіцэрам, прапаршчыкам, мічманам, сяржантам, старшынам, салдатам і матросам запасу, якія ня маюць на руках мабілізацыйных прадпісаньняў ці позваў, выезд за межы раёну (гораду) часова забараняецца», — адзначаецца ў загадзе, які цытуе тэлеканал «НВ».
Рэгіянальныя ўлады таксама папярэджваюць грамадзян аб адказнасьці за парушэньне гэтага загаду.
Кіраўніца фонду «Свабодная Буратыя» Аляксандра Гармажапава паведаміла, што ў гэтай рэспубліцы позвы ўручаюцца шматдзетным бацькам, якія не служылі ў войску, а таксама студэнтам.
«У Буратыі мабілізуюць усіх — бюджэтнікаў і тых, хто ў бізнэсе. Позвы разносяць у тым ліку і настаўнікі. Іх уручаюць нават на працоўных месцах — аднаму ўручылі ў банку, дзе ён працуе. Калі той адмовіўся ўзяць позву, паліцыянты выклікалі панятых», — удакладніла Аляксандра Гармажапава.
Паводле зьвестак арганізацыі «Свабодная Буратыя», у рэгіёне ўжо мабілізавалі мінімум тры тысячы мужчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавекНа акупаванай Луганшчыне забіраюць служыць у расейскай арміі
Кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што расейцы забіраюць у сваё войска мужчын і на акупаваных тэрыторыях Луганшчыны.
«На акупаваных тэрыторыях Луганшчыны мабілізацыя не частковая. Рашысты забіраюць абсалютна ўсіх мужчын, якіх могуць знайсьці», — сказаў ён.
Кіраўнік Херсонскай вайсковай абласной адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч паведаміў аб аналягічных выпадках і ў гэтым рэгіёне.
«У асаблівай групе рызыкі тыя мужчыны, якія з розных прычынаў вымушаныя былі ўзяць расейскія пашпарты або перадаць акупанту свае пэрсанальныя зьвесткі. Ад ворага можна чакаць чаго заўгодна, і ў гэтай сытуацыі найбольш разумнае, што можна зрабіць, — выехаць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, пакуль акупант канчаткова не пазбавіў вас такой магчымасьці», — заклікаў мясцовых жыхароў кіраўнік абласной улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія выведкі ацанілі абвешчаную Пуціным мабілізацыю як «значную палітычную рызыку»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.