Гэта была іх другая сустрэча з 2020 году і першая пасьля стварэньня Аб'яднанага пераходнага кабінэту.
«Я адчуваю сябе напоўненай сіламі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам фон дэр Ляен у кулюарах Генэральнай Асамблеі ААН, — напісала ў твітэры палітык. — Мы ганарымся тым, што Эўразьвяз наш саюзьнік у барацьбе за свабоду і незалежнасьць. Мяне запэўнілі, што Беларусь застанецца ў парадку дня. Я заклікала яе працягваць ціск на Лукашэнку і не здымаць санкцый».
На сустрэчы Ціханоўская зьвярнула асаблівую ўвагу на тыя рызыкі, якія нясе для незалежнасьці Беларусі апошняе рашэньне Ўладзіміра Пуціна пра вайсковую мабілізацыю ў сувязі з посьпехамі Ўкраінскіх узброеных сілаў.
Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, палітыкі абмеркавалі таксама пэрспэктывы выдзяленьня Эўразьвязам дадатковых сродкаў на дапамогу грамадзянскай супольнасьці: праваабаронцам, мэдыя, культурным, адукацыйным, моладзевым і спартовым ініцыятывам.
Сёлета дапамога ЭЗ для Беларусі складае 30 мільёнаў эўра, з улікам таго, што задачы грамадзянскай супольнасьці Беларусі значна ўскладніліся пасьля пачатку вайны. Кабінэт вядзе перамовы з ЭЗ пра павелічэньне аб’ёмаў дапамогі для Беларусі на наступны фінансавы год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Макей прыбылі на сэсію Генасамблеі ААН. Што яны там робяцьКіраўнік кабінэту Ціханоўскай і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі ў сваю чаргу назваў сустрэчу «цёплай і плённай». Паводле яго, перамовы былі прысьвечаны «ўзрастаньню двухбаковага парадку дня і вырашэньню важных пытаньняў».
«Беларусы прыкладаюць усе намаганьні, каб вырашыць унутраны крызіс і абараніць незалежнасьць ад варожай Расеі. Далейшы ўдзел ЭЗ у вырашэньні абедзьвюх задач мае вырашальнае значэньне», — зазначыў Кавалеўскі.
Урзуля фон дэр Ляен напісала, што Эўразьвяз разам зь Ціханоўскай і беларускім народам выступае за «дэмакратычную Беларусь і свабодныя і сумленныя выбары».
«З 2020 году мы падтрымалі свабоднае і дзейнае беларускае грамадзтва на 100 мільёнаў эўра», — падкрэсьліла яна.
Эўрапейская Камісія зьяўляецца галоўнай выканаўчай структурай Эўразьвязазу — эквівалентам нацыянальнага ўраду. Праблематыка працы: зьнешняя палітыка, Усходняе Партнэрства, міграцыйная палітыка, фінансавая і экпэртная падтрымка праграмаў разьвіцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа даць беларускаму грамадзтву стварэньне кантактнай групы ў Радзе Эўропы? Тлумачыць прадстаўнік Ціханоўскай па выбарах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей у ААН абвінаваціў суседнія краіны ў выкарыстаньні моўнага і нацыянальнага фактараў супраць Беларусі