Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у ААН абвінаваціў суседнія краіны ў выкарыстаньні моўнага і нацыянальнага фактараў супраць Беларусі


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей сёньня выступіў на Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

МЗС падзе тэкст выступу міністра, у якім ён, апроч іншага, заявіў:

«Са шкадаваньнем вымушаныя канстатаваць, што пытаньні нацыянальнасьці, рэлігіі і мовы часта робяцца інструмэнтам і прыкрыцьцём для супрацьзаконнай дзейнасьці. Павінен сказаць, што заявы, якія прагучалі тут з боку некаторых суседзяў Беларусі, абсалютна ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю, зьяўляюцца „высмактанымі з пальца“, палітызаванымі і надуманымі. Нашыя суседзі, на жаль, навучыліся маніпуляваць інфармацыйнымі фэйкамі».

«Мы заклікаем усе краіны сьвету спыніць спробы вырашаць праблемы свайго насельніцтва за кошт суседзяў. Гэта шлях да міждзяржаўных канфліктаў. У пройгрышы ў канчатковым выніку будуць абодва бакі», — сказаў Макей.

«За апошнія некалькі гадоў мы неаднаразова фіксавалі і спынялі спробы зьнешніх сілаў уплываць на палітычнае жыцьцё нашай краіны з выкарыстаньнем моўнага і нацыянальнага фактараў. Усе гэтыя дзеяньні праваліліся дзякуючы мудрасьці беларускіх грамадзянаў, кожны зь якіх, хай ён беларус, расеец ці паляк, праваслаўны ці юдэй, упэўнена і абаронена пачуваецца неад’емнай часткай адзінага беларускага народу. Адначасова кожны грамадзянін Беларусі мае магчымасьць для захаваньня сваёй нацыянальнасьці, культуры, мовы ці рэлігійнай ідэнтычнасьці. У большасьці дзяржаваў сьвету, як і ў Беларусі, часьцей за ўсё пытаньне нацыянальных меншасьцяў — гэта вынік суседзтва. А суседзяў, як вядома, не выбіраюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG