Аляксандар Лукашэнка пазбавіў званьняў больш як 80 ваеннаслужачых, а таксама работнікаў пракуратуры.
У сьпісы трапілі вядомыя мэдыйныя асобы (Валер Сахашчык, Андрэй Паротнікаў), палітзьняволеныя сілавікі, людзі, якія сышлі са службы ў знак пратэсту пасьля падзей 2020 году.
Свабода спыталася ў некаторых фігурантаў сьпісу, што яны думаюць наконт пазбаўленьня іх званьняў.
Сахашчык ляканічна
«Часам чыстае сумленьне таго вартае», — ляканічна адказаў падпалкоўнік запасу Валер Сахашчык.
У мінулым Сахашчык быў камандзірам 38-й дэсантнай брыгады ў Берасьці. Потым шмат гадоў займаўся бізнэсам у Польшчы. У 2022 годзе ён стаў прадстаўніком Пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У найбліжэйшыя дні адмоўлюся ад грамадзянства». Сахашчык расказаў пра свае сувязі з Расеяй і адказаў Белаконеву«Пацук» зьдзіўлены, што толькі цяпер
«Гэтая падзея чаканая. Своеасаблівы знак якасьці. Я вельмі зьдзівіўся, што ня быў пазбаўлены званьня яшчэ ў 2020 годзе, калі многіх вайскоўцаў таксама пазбаўлялі званьняў. У першым сьпісе быў мой выкладчык тактыкі з Вайсковай акадэміі», — кажа беларус-добраахвотнік Васіль Верамейчык з пазыўным «Пацук».
Верамейчык — выпускнік Вайсковай акадэміі, лейтэнант запасу, быў афіцэрам у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне быў у шэрагах палку Кастуся Каліноўскага. Быў намесьнікам камандзіра батальёну «Волат», адказным за пяхоту.
«Вельмі цікава, чаму быў абраны менавіта гэты момант. На маё жыцьцё гэта абсалютна ніяк не паўплывае. Адзінае, што ў выпадку „частковай мабілізацыі“, калі б я быў у Беларусі, маглі б прызваць», — сьмяецца Верамейчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская армія цалкам небаяздольная». Добраахвотнік «Пацук» быў афіцэрам у Печах, а ва Ўкраіне намесьнікам «Волата» і «Брэста»Ціманоўская думала, што фэйк
Бягуха Крысьціна Ціманоўская, якая цяпер жыве ў Польшчы, увогуле спачатку не дала веры такой навіне.
«Я рэальна не разумела, пра якое званьне ідзе гаворка. Раніцай журналісты мне пачалі пісаць і прасіць пракамэнтаваць сытуацыю. Я ім адказала, што фэйкавыя навіны камэнтаваць ня буду. А аказалася, што гэта ня фэйк. Але для мяне гэта такі цырк — пазбавілі званьня прапаршчыка. Як бачым, пра мяне ў Беларусі не забываюцца. Не даю я ім спакою. А „ябацькі“ пішуць, што мяне там ніхто ня ведае і я нікому не патрэбная. Як бачыце, патрэбная нават вельмі моцна», — напісала Ціманоўская ў Інстаграме.
Ціманоўская — прапаршчык унутранай службы запасу. У 2021 годзе яна выехала ў Польшчу проста з Алімпіяды ў Токіё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крысьціна Ціманоўская ўпершыню выступала на спаборніцтвах як польская лёгкаатлеткаВайсковец са сьпісу пасьмяяўся
Яшчэ адзін вайсковец са сьпісу (імя ёсьць у рэдакцыі) на ўмовах ананімнасьці так пракамэнтаваў пазбаўленьне яго званьня:
«Апроч сьмеху гэта ў мяне нічога не выклікае. Калі кату няма чаго рабіць, то ён сядзіць і яйцы ліжа. Гэта з той самай опэры. Усё было чаканае. Пытаньне толькі, чаму яны так доўга часаліся. У маім жыцьці гэта абсалютна нічога ня зьменіць. Магчыма, калісьці гэта нават будзе плюсам пры іншых абставінах».
Вайсковец кажа, што эмоцыі маглі б быць хіба ў першыя дні пасьля звальненьня, а цяпер ніякага засмучэньня ў яго няма.
«Мне нават за гонар быць у адным сьпісе з такімі выдатнымі людзьмі», — кажа ён.