Актывісты заклікалі жыхароў краіны выходзіць на цэнтральныя вуліцы расейскіх гарадоў у 19:00 21 верасьня на знак пратэсту супраць «частковай мабілізацыі», якую абвясьціў сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Акцыі пратэсту адбываюцца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Іркуцку, Екацерынбургу, Улан-Удэ, Хабараўску, Томску і іншых гарадах Расеі.
У Маскве затрымалі як найменей 242 мітынгоўцаў, паведамляе «ОВД-News». У Санкт-Пецярбургу вядома прынамсі пра 243 затрыманых. Выданьне MR7 апублікавала кадры, на якіх відаць, як сілавікі б'юць пратэстоўцаў дубінкамі. У Екацерынбургу як найменей 45 затрыманых.
Тэлеграм-канал «Иркутск анархистский» паведамляе, што ў Іркуцку затрымалі як мінімум 20 пратэстоўцаў. Усяго на цэнтральнай плошчы сабралася каля 60 чалавек, але сілавікі іх разагналі.
Ва Ўлан-Удэ на пратэст выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек з плякатамі. Паліцыянты рэкамэндавалі людзям разысьціся, перадае выданьне «Люди Байкала».
У жыхароў Хабараўску, якя пратэстуюць, паліцыя правярае дакумэнты.
У Маскве каля станцыі мэтро «Чэхаўская» затрымалі без тлумачэньня прычын актывіста Сяргея Роса. Яго даставілі ў АУС «Тверской», піша «ОВД-Инфо».
Пракуратура Масквы прыгразіла жыхарам гораду адміністрацыйным пакараньнем і крымінальнымі тэрмінамі да 15 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел і арганізацыю мітынгаў або заклікі да іх.
У той жа час у Санкт-Пецярбургу раённыя адміністрацыі даручылі муніцыпалітэтам знайсьці людзей, якія змогуць узяць удзел у мітынгу ў падтрымку рэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях. Пра гэта паведамляе выданьне «Ротонда» са спасылкай на некалькі муніцыпалітэтаў. Суразмоўцы выданьня расказалі, што адміністрацыі патрабуюць ад іх па 5–10 чалавек.
Раніцай 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра частковую мабілізацыю «ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне». Расейскі кіраўнік заявіў, што прызыву на вайсковую службу будуць падлягаць грамадзяне, якія знаходзяцца ў запасе. Перш за ўсё гаворка пра тых, хто праходзіў службу ў шэрагах Узброеных сіл, а таксама мае пэўныя вайскова-ўліковыя спэцыяльнасьці і досьвед. Міністар абароны Сяргей Шайгу, які выступіў пасьля прэзыдэнта, заявіў, што ў Расеі «велізарны мабілізацыйны рэсурс», і адзначыў, што «ў ходзе частковай мабілізацыі будуць прызваныя 300 тысяч рэзэрвістаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тысячы мужчын кінуць у мясарубку вайны». У Расеі абвясьцілі ўсеагульную акцыю пратэсту супраць абвешчанай Пуціным мабілізацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавек