«Маё вызваленьне каштавала 24 тысячы эўра». Беларуска з Андоры расказала, як трапіла ў СІЗА за «абразу Лукашэнкі»

Вольга Манкевіч

Вольга Манкевіч 14 гадоў жыве ў Княстве Андора. Раз-два на год яна езьдзіла ў Беларусь. Апошняя паездка скончылася турмой — яе схапілі за камэнтары ў Instagram. Міліцыя знайшла там «абразы Лукашэнкі» і «распальваньне варожасьці».

Але цяпер Вольга на свабодзе. Як так здарылася, даведайцеся ў матэрыяле Свабоды.

Нядаўна на дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў сюжэт пра беларуску Вольгу Манкевіч, якая 14 гадоў жыве ў Андоры. Вольгу затрымала міліцыя, калі яна была ў родных Баранавічах. Па тэлевізіі сказалі, што яна абразіла Лукашэнку і «ў Андору вернецца ня хутка». Тым ня менш цяпер Вольга на свабодзе і падзялілася сваёй гісторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваная за абразу Лукашэнкі Вольга Манкевіч заявіла, што яе вызваленьне «каштавала 24 тысячы эўра»

«Выступала ў Андоры з танцавальным гуртам, гэта быў мой апошні кантракт»

Па адукацыі Вольга — артыстка народнага ансамблю, скончыла каледж мастацтваў у Менску. Яна выступала ў розных краінах сьвету. У 2008 годзе гастралявала ў Андоры.

«Гэта быў мой апошні кантракт. У Андоры я пазнаёмілася з будучым мужам, гэта было каханьне зь першага позірку. Ён сам славак. Мы пабраліся шлюбам. Ён так і застаўся грамадзянінам Славакіі, а я грамадзянкай Беларусі. Сын наш, яму хутка чатыры гады, — грамадзянін Андоры. Тут атрымаць грамадзянства можна праз дваццаць гадоў жыцьця ў краіне. Трэба тады здаваць іспыты на каталянскай мове. Тут тры дзяржаўныя мовы — француская, гішпанская і каталянская», — расказала Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пухліна ў мозгу, баліць адзіная нырка, гнояцца дзясны. Каму з палітвязьняў пільна патрэбная мэдычная дапамога

Вольга Манкевіч

Яна працавала перакладчыцай з гішпанскай, польскай і славацкай моваў, а таксама кансультавала турыстаў, у асноўным з Расеі, якія прыяжджалі на горналыжныя курорты Андоры. З 2018 году Вольга не працуе — даглядае малога сына.

У Беларусі ў яе не засталося блізкіх родных, толькі сябры. Раз ці два разы на год Вольга езьдзіла на радзіму, сустракалася зь сябрамі, наведвала магілу маці. Так было і ў 2020-м, і ў 2021 годзе. 10 жніўня 2022 году Вольга зноў прыехала ў Беларусь.

Вольга Манкевіч

«Міліцыянты сказалі, што мяне „здалі“»

Вольга адпачывала, сустракалася зь сябрамі, зрабіла ў Берасьці касмэтычную апэрацыю. Калі яна вярталася зь Берасьця ў Баранавічы, на вакзале яе чакалі двое мужчын у цывільным.

«Я адразу зразумела, за што, калі мне сказалі: „Праедзем з намі“. Бо іншых „грахоў“ за мной не было. Але і камэнтары ў Instagram я не лічу грахом, дарэчы. Па дарозе ў міліцыю яны сказалі, што мяне „здалі“ і што ў Андору я паеду ня хутка. Дарэчы, забягаючы наперад, я пасьля выхаду на свабоду хадзіла да варажбіткі. Яна раскінула карты і пацьвердзіла, што мяне здала ў міліцыю жанчына, нават назвала імя. Гэта мая былая сяброўка. Я на 90% упэўненая. Мы сябравалі, але ўвосень 2020 году, пасьля пратэстаў, моцна пасварыліся на палітычнай глебе. Яна сказала, што я нічога не разумею, ня ведаю гісторыі і гэтак далей. Магчыма, гэта яна так зрабіла. Можа, і ад зайздрасьці, што я такая яркая, пасьпяховая», — кажа беларуска.

Вольга Манкевіч

Вольга трапіла ў ІЧУ, дзе спазнала «асаблівыя ўмовы для палітычных». Кажа, што спала на голай падлозе, у той час калі іншыя, «непалітычныя», мелі і ложкі, і матрацы зь бялізнай.

«Усюды мяне вадзілі ў кайданках, ставілі тварам да сьцяны, канвойны абразьліва са мной размаўляў, казаў: „Ну што ж твая сяброўка не прыйшла, перадачы не прынесла?“. Непрыемна было, і тон у яго быў непрыемны. Дарэчы, сяброўка клапацілася пра мяне — яна забіла трывогу, калі я 22 жніўня ня выйшла на сувязь, знайшла мне адваката і ўсе рабіла для майго вызваленьня», — кажа Вольга.

Пасьля ІЧУ жанчына трапіла ў СІЗА. Кажа, што турма пасьля ізалятару была «як быццам санаторый».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку трэба маліцца, каб беларусы яму прабачылі». Што беларускія эмігранты думаюць пра «амністыю для беглых»

Вольга Манкевіч

«Намесьнік начальніка турмы прапанаваў мне запісацца для тэлевізіі»

Вольга вызвалілася 15 верасьня. За тыдзень да вызваленьня яе выклікаў намесьнік начальніка турмы і прапанаваў зьняцца для дзяржаўнай тэлевізіі. «Ён абяцаў, што мне гэта дапаможа зьнізіць пакараньне. Я пагадзілася. Што я гаварыла ў сюжэце, кожны можа сказаць, калі трапіць у турму. Што заўгодна тады можна сказаць. Мне, дарэчы, выставілі пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Самыя цяжкія — „распальваньне варожасьці“ і „абраза Лукашэнкі“. І вось 15 верасьня раптам мне кажуць: „Манкевіч, з рэчамі на выхад!“. Я пачала мітусіцца, зьбіраць тыя рэчы. Мяне вялі па гэтых бясконцых калідорах (там, каб выйсьці на прагулку, перад намі адчынялі пятнаццаць дзьвярэй). Пра 24 тысячы эўра — гэта была агульная сума. Без падрабязнасьцяў скажу, што плацілі ўсюды, усім, каму толькі магчыма, усім патроху», — кажа беларуска.

Вольга Манкевіч

Яна кажа, што муж быў гатовы да таго, што ў Вольгі могуць быць праблемы на радзіме. «Ён казаў перад ад’ездам, каб я сьцераглася. Не хацеў мяне адпускаць. Ён мяне цёпла сустрэў, сказаў: „Я ведаў, што я цябе выцягну“. Сын бег да мяне з усіх ног», — кажа Вольга.

Яна кажа, што абавязкова прыедзе ў Беларусь, але, можа, «гадоў праз шэсьць». «Буду сачыць за навінамі. Буду чакаць там зьменаў, тады прыеду», — кажа Вольга.

Ейную крымінальную справу перакваліфікавалі на адміністрацыйную і вынесьлі штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 85 гадоў таму Андора абрала каралём беларуса. Чаму мы пра гэта нічога ня ведаем? ВІДЭА