Галіна Міхальчук — пэнсіянэрка, была асуджана на 2,5 года пазбаўленьня волі за камэнтары ў Telegram-чатах, піша ініцыятыва Dissidentby.
Падчас разгляду справы ў лютым 2022 году сілавікі, прызнаныя судом пацярпелымі, ацанілі свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў, пры гэтым абвінавачаная жыхарка Ваўкавыску мела пэнсію ўсяго 500 рублёў.
Гэта быў не адзіны прысуд пэнсіянэрцы — 26 кастрычніка 2021 году Галіне ўжо прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» паводле дыфамацыйнага артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу. Да суду пэнсіянэрка два месяцы (з 21 верасьня да 21 лістапада 2021 году) утрымлівалася ў зьняволеньні: першапачаткова яе затрымлівалі паводле арт.342 КК. Да пэнсіі яна працавала на чыгунцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год мінус 81 кіляграм капусты і 40 боханаў хлеба. Як пагаршаецца жыцьцё пэнсіянэраў, у лічбахГаліне Іванаўне паставілі ў віну больш за тры дзясяткі эпізодаў: цягам паўгода яна пісала камэнтары ў тэлеграм-канале «Волковыск для жизни». Яе судзілі за шэраг камэнтароў, якія зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, а таксама «зьневажаюць ягоны гонар». Таксама, згодна з абвінавачаньнем, Галіна пісала «паклёпы» на сілавікоў і службовых асобаў.
Вызваленьне стала навіной для ўсей сям’і 70-гадовай жанчыны. Дакладная прычына, зь якой яе адпусьцілі (амністыя ці памілаваньне), невядомая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела паглядзець, колькі беларусаў у нас». Гісторыя 78-гадовай жыхаркі Менску, якая выйшла на Дзень Волі зь бел-чырвона-белым сьцягам