Зборная Расеі ня будзе ўдзельнічаць у лёсаваньні адбору да Эўра-2024

Кіраўнік РФС Аляксандар Дзюкаў

Зборная Расеі па футболе ня возьме ўдзелу ў лёсаваньні адборачнага  раунду Эўра-2024 з прычыны санкцый УЭФА.

Гэта пацьвердзіў у аўторак Расейскі футбольны саюз. «Зборная Расеі ня зможа ўзяць удзел у лёсаваньні, якое пройдзе 9 кастрычніка ў Франкфурце, з прычыны санкцый Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый. Прычына — лютаўскае рашэньне УЭФА аб прыпыненьні выступленьня расейскіх зборных і клюбаў у спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі, якое па змаўчаньні дзейнічае да далейшага апавяшчэньня», — гаворыцца ў заяве прэс-службы РФС.

Рашэньне аб прыпыненьні выступаў РФС аспрэчыў у Спартыўным арбітражным судзе ў Лязане (CAS), які ў ліпені адмовіў у задавальненьні апэляцыі, адзначае выданьне Sports.ru.

Цяпер Футбольны саюз чакае поўнага тэксту рашэньня арбітражнага суду, па выніках вывучэньня якога будзе прынятае рашэньне аб далейшых кроках у рамках юрыдычнай абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIFA і FIDE забаранілі праводзіць матчы і спаборніцтвы ў Расеі