Журналіста Паўла Мажэйку прызналі палітзьняволеным

Павал Мажэйка

Павал Мажэйку ўзялі пад варту за рэалізацыю свабоды выказваньня мяркаваньняў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі 31 жніўня. Праз нейкі час яго перавялі ў СІЗА.

Перавод у СІЗА азначае, што яму прад’яўлена абвінавачаньне і выбрана мера стрыманьня — зьмяшчэньне ў сьледчы ізалятар.

20 верасьня праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў Паўла Мажэйку палітзьняволеным. Адзначаецца, што яго ўзялі пад варту за рэалізацыю свабоды выказваньня мяркаваньняў. Цяпер у Беларусі 1334 палітвязьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павал адмаўляўся ад усіх прац дзеля магчымасьці езьдзіць у Беларусь». Жонка Мажэйкі пра паўторную справу мужа

У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку ўжо затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады журналіста вызвалілі пасьля 72 гадзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўла Мажэйку затрымалі, калі ён прыехаў з-за мяжы наведаць бацькоў у Горадню

Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады зьліквідавалі летам 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзеў у «справе журналістаў», стварыў вольную пляцоўку. Хто такі Павал Мажэйка, якога затрымалі за карціну