Прызначаныя Расеяй «улады» акупаванай часткі Херсонскай вобласьці вырашылі правесьці «рэфэрэндум» аб уваходжаньні ў склад РФ, паведаміў «кіраўнік» акупацыйнай адміністрацыі Ўладзімір Сальда.
Паводле яго, гэтае рашэньне «ўлады» акупаванага расейскімі войскамі рэгіёну прынялі, «разгледзеўшы звароты грамадзкіх арганізацый і жыхароў рэгіёну».
«Упэўнены, што кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі прыме вынікі рэфэрэндуму і Херсонская вобласьць увойдзе ў склад Расеі, стаўшы паўнапраўным суб’ектам адзінай дзяржавы», — адзначыў Сальда.
Ён таксама заявіў аб неабходнасьці стварэньня і фармаваньня на тэрыторыі Херсонскай вобласьці добраахвотніцкіх батальёнаў для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях супраць Украіны. На думку Сальда, «расейскі народ і прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімір Пуцін выступяць гарантамі бясьпекі і росквіту нашага рэгіёну».
Так званая «ДНР» таксама прызначыла правядзенне рэфэрэндуму з 23 па 27 верасьня. Пра гэта заявіў «кіраўнік рэспублікі» Дзяніс Пушылін. «Дэпутаты парлямэнту» так званай «ЛНР» аднагалосна прынялі закон аб правядзеньні «рэфэрэндуму». Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы РФ у справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Віктар Вадалацкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея плянавала «рэфэрэндум» у Харкаўскай вобласьці з 1 па 7 лістапада і распрацавала «стратэгію». ФОТАТым часам у акупаваным расейскімі войскамі Мелітопалі адбыўся «Агульнанародны зьезд грамадзян Запароскай вобласьці», арганізатарамі якога сталі прызначаныя Расеяй «улады» рэгіёну. На гэтым зьезьдзе прадстаўнікі грамадзкага руху «Мы разам з Расеяй» зьвярнуліся да «кіраўніка» Запароскай вобласьці Яўгена Баліцкага з просьбай таксама правесьці «рэфэрэндум» аб уваходжаньні ў склад РФ. Рэзалюцыю з гэтай нагоды прынялі «аднагалосна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За здачу ў палон — ад 3 да 10 гадоў». Дзярждума Расеі ўвяла ў КК паняцьці «мабілізацыя» і «ваеннае становішча»Раней сваё меркаваньне пра «рэфэрэндумы» на акупаваных тэрыторыях выказаў намесьнік старшыні Савету бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў. Паводле яго, «рэфэрэндумы» цалкам мяняюць вэктар разьвіцьця Расеі на дзесяцігодзьдзі.
«Пасьля іх правядзеньня і прыняцьця новых тэрыторый у склад Расеі геапалітычная трансфармацыя ў сьвеце набудзе незваротны характар. Замах на тэрыторыю Расеі — злачынства, учыненьне якога дае магчымасьць выкарыстоўваць усе сілы самаабароны», — напісаў Мядзьведзеў.
Рэакцыя ў Кіеве: Украіна будзе вызваляць свае тэрыторыі
Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што рашэньне аб хуткім правядзеньні так званых «рэфэрэндумаў» на акупаваных тэрыторыях сьведчыць аб страху разгрому з боку Расеі.
«Наіўны шантаж пагрозамі і страшылкамі «рэфэрэндумаў», «мабілізацый ад тых, хто ўмее ваяваць толькі зь дзецьмі і мірнымі жыхарамі… Так выглядае страх разгрому. Вораг баіцца, прымітыўна маніпулюе. Украіна вырашыць расейскае пытаньне. Пагрозу можна зьліквідаваць толькі сілай», — напісаў Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што фэйкавыя «рэфэрэндумы» і гібрыдная «мабілізацыя» ня зьменіць статус Расеі як краіны-агрэсаркі.
«Расея як была, так і застанецца дзяржавай-агрэсаркай, якая незаконна акупоўвае частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе далей іх вызваляць, што б там не казалі ў Расеі», – заявіў Дзьмітро Кулеба.