Аляксандар Лукашэнка падзяліўся страхам спробы зноў зрынуць яго на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам, аднак затым сказаў, што плянам ператварыць Беларусь у падабенства цяперашняй Украіны не наканавана спраўдзіцца.
На думку Лукашэнкі, неабходна бачыць і апярэджваць спробы дзейнічаць у гэтым кірунку, захоўваць пільнасьць, цытуе яго агенцтва БелТА.
«Усё больш і больш атрымліваю інфармацыі, што тыя зьбеглыя і іхныя сваякі тут залеглі ціхенька, адляжаліся; сёньня разгортваюць бізнэсы і прама гавораць аб тым, што, вось мы тут цяпер грошай назапасім, а потым мы тут учынім бучу. А ва Ўкраіне ўжо ствараюцца нейкія ці то палкі, ці то батальёны для зрынаньня ня толькі ўлады, але для таго, каб адарваць Беларусь і далучыць да блёку NATO. Зноў хочуць новую Ўкраіну тут у Беларусі стварыць. Гэта недапушчальна. Я пра гэта кажу шчыра і адкрыта. Каб ведалі».
Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што нельга супакойвацца, паступова аддаляючыся ад падзей 2020 году.
«Нам нельга супакойвацца. Мы ў гэтым катле. Нам спакойна жыць не дадуць. Нас увесь час будуць ціснуць па ўсіх кірунках. А гэтыя „сьвядомыя“ — гэта ворагі. Разумееце, гэта ўжо ворагі, калі не разумеюць, што адбываецца навокал, і ствараюць тут праблемы», — сказаў ён.
Па словах Лукашэнкі «ворагі» толькі і чакаюць «патрэбнага моманту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 2020-м мы яшчэ не былі гатовыя, а цяпер нам важна пазьбегнуць тых памылак». Ціханоўская выступіла ў Atlantic Council у Нью-ЁркуАкрамя таго, ён спыніўся на пытаньнях прыватнай адукацыі і запатрабаваў «зачысьціць усё да немагчымасьці». Ён даручыў увесьці ліцэнзаваньне ў адукацыі, каб не дапусьціць «антыдзяржаўнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе каля 700 настаўнікаў, пры гэтым іх працягваюць звальняць «за палітыку». Як Беларусь сустракае 1 верасьняВыказваньні Лукашэнкі сталі прычынай двух нядаўніх дыпляматычных скандалаў. Беларускага амбасадара Анатоля Калініна выклікалі ў Міністэрства замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы за выказваньні Лукашэнкі на форуме «Гэта наша гісторыя» ў Менску. Aд дыплямата запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі са словамі Лукашэнкі аб тым, што нібыта «ЗША падштурхоўваюць Эўропу да ваеннай канфрантацыі з Расеяй», а наступнымі ўцягнутымі ў канфлікт могуць быць Малдова, Польшча, Румынія ці краіны Балтыі.
Ня толькі ў Малдове абурыліся такімі словамі Лукашэнкі. Яшчэ да таго МЗС Румыніі ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту. У дакумэнце адзначана, што Бухарэст «катэгарычна абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, якая грунтуецца на закліку да сілы і пагрозе сілай у міжнародных адносінах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кішынёў запатрабаваў ад амбасадара Беларусі тлумачэньняў за словы Лукашэнкі аб магчымым уцягваньні Малдовы ў вайну