Паказаньні беларусаў сталі ключавымі ў справе сотні польскіх мытнікаў. Мытнікі кажуць, што сталі ахвярай «гібрыднай вайны» і паклёпу

Афіцэр польскай мытні. Ілюстрацыйная выява

43 былым і дзейным мытнікам з польска-беларускіх памежных пераходаў у Люблінскім ваяводзтве выставілі абвінавачаньні ў злоўжываньні паўнамоцтвамі і непраўдзівай інфармацыі ў дакумэнтах. Ключавыя доказы польскае сьледзтва атрымала зь Беларусі.

Гэта вынік двухгадовага расьсьледаваньня, якое вяла акруговая пракуратура ў Любліне.

Гаворка ідзе пра невыкананьне мытнікамі сваіх абавязкаў пры вяртаньні ПДВ Tax Free. Грамадзяне Беларусі, Украіны ці Расеі — краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, калі купляюць у Польшчы пральныя машыны, лядоўні, тэлевізары ці смартфоны, то пры выезьдзе з ЭЗ паведамляюць пра гэта мытнікам і атрымліваюць вяртаньне ПДВ. Гэта 23 працэнты ад цаны прадукту. Калі ў краме ў Белай Падляскай пятая версія iPhone каштавала 1499 злотых, то беларус атрымліваў кэшбэк 344,77 злотага.

Паводле польскай пракуратуры, у 2012–2013 гадах польскія мытнікі афармлялі і зацьвярджалі дакумэнты, якія сьведчылі аб вывазе мабільных тэлефонаў, за якія нібыта быў вернуты ПДВ. Пры гэтым самі апараты, як запэўнівалі іншаземцы, у гэтым выпадку грамадзяне Беларусі, не былі купленыя ў Польшчы і не вывозіліся імі з Польшчы. Па вэрсіі сьледзтва, грошы ад вяртаньня падатку ішлі ў кішэні фігурантаў — мытнікаў.

Справа з айфонамі на мяжы пачалася з выбарачнай падатковай праверкі адной з фірмаў, якія гандлююць аўдыё- і відэатэхнікай у Белай Падляскай. Гэта яна прадавала беларусам тэлефоны. Інспэктары выявілі ў кампаніі фіскальныя парушэньні, якія, аднак, ня мелі дачыненьня да белападляскіх мытнікаў.

У 2020 годзе справай айфонаў зацікавілася пракуратура ў Любліне. У рамках прававой дапамогі і двухбаковых дамоваў сьледчыя папрасілі беларускую пракуратуру дапытаць уладальнікаў тэлефонаў. Беларусы катэгарычна адмаўлялі, што куплялі ў Польшчы нейкія айфоны і перасякалі зь імі мяжу. І гэты факт аказаўся вырашальным для пракуратуры ў Любліне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журнал з «Валадаркі» і кампрамат на сілавікоў. Чаму справа жыцьця Алега Алкаева ня скончаная

Gazeta Wyborcza паразмаўлялі зь некаторымі фігурантамі справы. Мытнікі сьцьвярджаюць, што, калі атрымалі пратаколы, высьветлілі, хто сьведчыў супраць іх.

«Мы старанна запісалі імёны і ўнесьлі іх у нашу сыстэму. Аказалася, што амаль усе, хто нас абвінавачвае, — кантрабандысты, дробныя злачынцы, — расказвае ананімны мытнік. — Кантрабандысты везьлі айфоны, каб не плаціць высокія мыты ў Беларусі, якія сягаюць нават 40 працэнтаў іх цаны. Калі б яны раптам празь дзевяць гадоў прызналіся ў махлярстве, то маглі б трапіць у турму і пазбавіцца маёмасьці».

Вядома, што пакуль абвінавачаньні выстаўленыя 43 асобам. Але агулам у справе фігуруе больш за сотню мытнікаў, павадамляе Gazeta Wyborcza. Гэта ў асноўным супрацоўнікі Люблінскай мытні і падатковай службы ў Белай Падляскай.

У абарону мытнікаў выступілі прафсаюзы. Старшыня Прафсаюзу польскай мытні Славамір Сівы папрасіў генпракурора пракантраляваць расьсьледаваньне. Ён падкрэсьлівае, што на выстаўленьне абвінавачаньняў паўплывалі паказаньні грамадзян Беларусі, апытаных беларускімі сьледчымі ў рамках прававой дапамогі.

«У кантэксьце гібрыднай вайны, якую Беларусь вядзе з Польшчай, такія сьведчаньні ня варта ўспрымаць як належнае», — падкрэсьлівае Сівы.