Вярхоўны суд назваў працу журналісткі «Белсату» Андрэевай «шпіянажам» і пакінуў вырак бязь зьменаў

Кацярына Андрэева

13 ліпеня Андрэеву асудзілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве». З улікам прызначанага раней пакараньня ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калёніі агульнага рэжыму.

Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай, які 13 ліпеня вынес ёй Гомельскі абласны суд.

Тады Андрэеву асудзілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве». З улікам прызначанага раней судом Фрунзэнскага раёну Менску пакараньня ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калёніі агульнага рэжыму.

Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме, на падставе якіх падзей на Кацярыну завялі новую справу, дагэтуль невядома. Суд прызнаў яе вінаватай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

20 верасьня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў пакараньне журналістцы Кацярыне Андрэевай — 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі. Але пры гэтым скарэктаваў фармулёўку абвінавачваньня, паведаміў муж Кацярыны Ігар Ільяш:

«Замест „выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве“ журналісцкую дзейнасьць Каці пастанавілі лічыць „шпіянажам“. Артыкул застаўся ранейшым: ВС проста памяняў фармулёўкі ў межах ч. 1 арт. 356 КК. Па факце для нас гэта абсалютна нічога не зьмяняе».

Разгляд апэляцыйнай скаргі адбываўся ў закрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: лідэр гурту ДДТ Шаўчук даслаў паштоўку Кацярыне Андрэевай

Раней яна атрымала 2 гады пазбаўленьня волі паводле артыкулу 342 КК за стрым з «плошчы Перамен». Яе і журналістку Дар’ю Чульцову абвінавацілі ў тым, што шляхам правядзеньня стрыму яны арганізоўвалі дзеяньні пратэстоўцаў. Андрэева мусіла выйсьці на волю ў верасьні 2020 году, але ў красавіку стала вядома, што на яе завялі новую крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм, заснаваны на гісторыі Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, атрымаў узнагароду на кінафэстывалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дагэтуль не магу паверыць у тое, што адбываецца з Кацяй». Былая палітзьняволеная Дар’я Чульцова падзякавала за падтрымку