Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: лідэр гурту ДДТ Шаўчук даслаў паштоўку Кацярыне Андрэевай


Кацярына Андрэева (Бахвалава ) ў судзе, 18 лютага 2021
Кацярына Андрэева (Бахвалава ) ў судзе, 18 лютага 2021

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1321 чалавека. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш паведаміў пра паштоўку, якую паслаў ягонай жонцы расейскі музыка Юры Шаўчук.

«Дабра і міру Андрэевай Каці. Дарагая, мы з табой», — напісаў Шаўчук і нарысаваў свой партрэт.

Паштоўка Юрыя Шаўчука Кацярыне Андрэевай
Паштоўка Юрыя Шаўчука Кацярыне Андрэевай

Паштоўку Юры Шаўчук даслаў не наўпрост, а празь сям’ю Каці, як паведаміў Ігар Ільяш Свабодзе. Яму прыйшлося перафатаграфаваць паштоўку і паслаць здымак у сваім лісце:

«Прычына ў тым, што ад несваякоў цяпер карэспандэнцыі не прымаюць. Але ў нашым лісьце прапусьцілі без праблем».

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.

Журналістак асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

У красавіку 2022 году стала вядома, што на Кацярыну Андрэеву завялі новую крымінальную справу паводле артыкулк «Здрада дзяржаве». 13 ліпеня яе асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўленьня волі з улікам прызначанага раней судом Фрунзэнскага раёну Менску пакараньня. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзей на Кацярыну завялі новую справу, дагэтуль невядома. Суд прызнаў журналістку вінаватай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

Андрэева падала апэляцыйную скаргу на прысуд, пакуль яна застаецца ў гомельскім СІЗА № 3, дзе знаходзіцца ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году.

Вярхоўны суд мае разглядаць яе скаргу 20 верасьня. Дар’і Чульцовай, якую затрымлівалі і судзілі разам з Андрэевай, новых абвінавачаньняў не выстаўлялі, яна адбыла свой тэрмін у жаночай калёніі Гомля і выйшла на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG