Сьцісла:
- Пэрыяд знаходжаньня на троне Лізаветы II быў эпохай пэўнай стабільнасьці міжнародных адносін.
- Напад Расеі на Ўкраіну, рэзкае абвастрэньне глябальнага канфлікту паміж РФ і Захадам, актуалізацыя тэмы ядзернай вайны паказвае, што тая эпоха стабільнасьці закончылася.
- Вельмі сымбалічна, што афіцыйныя прадстаўнікі Расеі і Беларусі не былі запрошаныя на цырымонію разьвітаньня зь Лізаветай II.
- Лукашэнка за сваю палітычную кар’еру езьдзіў на пахаваньні лідэраў іншых краін рэдка. Тут ён больш кіраваўся асабістымі сымпатыямі, чым палітычнай мэтазгоднасьцю.
Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на мінулым тыдні на саміце ШАС, не ўтрымаўся ад таго, каб пахваліцца, што з усіх прысутных лідараў ён кіруе дзяржавай даўжэй за ўсіх. А вось Лізавета II знаходзілася на троне 70 гадоў. Недасяжная мара для беларускага кіраўніка.
Часы знаходжаньня на троне каралевы Вікторыі (1837–1901) увайшлі ў гісторыю Вялікай Брытаніі як «віктарыянская эпоха». Нельга выключаць, што пэрыяд кіраваньня Лізаветы II (1952–2022) будзе названы «лізавецінскай эпохай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане адбылася цырымонія пахаваньня каралевы Лізаветы II. ФОТАІ вялізная чарга на разьвітаньне (людзі чакаюць часам па 13 гадзін), і прыезд на пахаваньне лідэраў вялікай колькасьці краін ёсьць ня толькі даніна памяці найстарэйшаму ў сьвеце кіраўніку дзяржавы, павага да сусьветнай ролі Вялікай Брытаніі. Тут ёсьць нешта яшчэ – магчыма, сакральнае, містычнае, што цяжка нават сфармуляваць. Думаецца, што тут ёсьць інстынктыўнае адчуваньне, што разьвітваюцца ня проста з каралевай, разьвітваюцца з эпохай.
Яна стала каралевай пасьля заканчэньня трагічна крывавай Другой сусьветнай вайны. Здавалася, людзі, у тым ліку і палітыкі, вынесьлі важны ўрок, які можна выказаць словамі: «Ніколі больш!». І працяглая «халодная вайна» паміж двума ваенна-палітычнымі блёкамі, як цяпер бачыцца, была мэханізмам прадухіленьня «гарачай» вайны.
Напад Расеі на Ўкраіну, рэзкае абвастрэньне глябальнага канфлікту паміж РФ і Захадам, актуалізацыя тэмы ядзернай вайны, нечаканае зьяўленьне энэргетычных праблем у Эўропе паказвае, што тая эпоха стабільнасьці закончылася. Сьвет уступае ў нейкі новы пэрыяд, які пагражае вялізнымі катаклізмамі. І вось гэтае адчуваньне канца спакойнага жыцьця, спажывецкага раю, пагроза забурэньняў і зьяўляецца фонам, кантэкстам усяго гэтага пахавальнага цырыманіялу.
Таму вельмі сымбалічна, што афіцыйныя прадстаўнікі Расеі і Беларусі не былі запрошаныя на цырымонію разьвітаньня зь Лізаветай II. Бо менавіта расейскі і беларускі лідэры спрычыніліся да разбурэньня сусьветнай стабільнасьці. Зьвярніце ўвагу, не запрасілі ня толькі лідэраў, а нават проста прадстаўнікоў гэтых краін, нават на ўзроўні амбасадараў. Гэтаксама на цырымонію не запрошаны прадстаўнікі М'янмы, Вэнэсуэлы, Сырыі і Афганістану. Так цяпер выглядае новы сьпіс дзяржаў-ізгояў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бухарэст абурыўся словамі Лукашэнкі – у МЗС Румыніі выклікалі беларускага паверанагаУвогуле, Лукашэнка за сваю палітычную кар’еру ня часта езьдзіў на пахаваньні лідэраў іншых краін. Па-першае, ня надта і запрашалі. Бо чыньнік кіраўніка дзяржавы-ізгоя мае пэўнае значэньне.
Па-другое, у гэтым пытаньні ён больш кіраваўся асабістымі сымпатыямі, чым палітычнай мэтазгоднасьцю. У 2013 годзе Лукашэнка паехаў на пахаваньне прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса з тады яшчэ маленькім сынам Колем. У Беларусі нават абвясьцілі трохдзённую жалобу, але потым замянілі яе «жалобнымі мерапрыемствамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уга, Муамар, Рэджэп і Валодзя. Хто ў Лукашэнкі «браты», а хто «сябры»У 2007 годзе Лукашэнка ўдзельнічаў у цырымоніі пахаваньня Барыса Ельцына, хоць той на момант сьмерці быў ужо экс-прэзыдэнтам Расеі.
А вось на пахаваньне прэзыдэнта Узбэкістану Іслама Карымава ў 2016 годзе Лукашэнка не паехаў, бо быў зь ім у дрэнных асабістых стасунках.
Увогуле, пахаваньне палітычных лідэраў — вялікая палітыка. Што і засьведчыла цырымонія разьвітаньня з каралевай Вялікай Брытаніі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.