Паводле яго, «галасаваньне» павінна было адбыцца цягам сямі дзён з 1 па 7 лістапада. Ужо быў вядомы і «вынік», які прапісаны ў «Стратэгіі», — 75% за далучэньне да Расеі. У дакумэнце гаворыцца, што агулам павінны «прагаласаваць» 142 тысячы выбарнікаў, зь якіх больш за 100 тысяч — «за».
«Стратэгія» распрацаваная зусім нядаўна, бо паказвае карту лініі фронту па стане на 24 жніўня.
Сярод рызык арганізатары «рэфэрэндуму» называюць брак кадраў для працы ў выбарчых камісіях і праўкраінскія настроі насельніцтва. Аўтары дакумэнту прапанавалі прапагандаваць пэрспэктывы далучэньня да Расеі з акцэнтам на эканамічныя і сацыяльныя выгады і падтрымліваць тэзу аб непазьбежнасьці далучэньня ўсёй Харкаўскай вобласьці.
У «Стратэгіі» апісаны некалькі этапаў так званай піяр-кампаніі. Асноўныя лёзунгі — «Скажы Расеі „так“» і «Расея тут назаўжды».
Спрыяць «рэфэрэндуму» плянавалі таксама з дапамогай праваслаўных сьвятаў. У прыватнасьці, 21 верасьня ў акупаваную тады Харкаўскую вобласьць павінен быў адбыцца хрэсны ход у яго падтрымку, а з 1 па 6 лістапада, у дні так званага «галасаваньня», яны мелі праводзіць штодня.
У дакумэнце таксама ёсьць так званы «рэфэрэндумскі» гімн са словамі «Скажы Расеі „так“. Перад Богам мы адзін народ».
11 верасьня расейскае выданьне Meduza са спасылкай на крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, напісала, што Крэмль вырашыў адкласьці на няпэўны тэрмін правядзеньне так званых «рэфэрэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Па словах суразмоўцаў выданьня, адзінай прычынай рашэньня зьяўляецца пасьпяховы контранаступ Узброеных сіл Украіны на Харкаўскім кірунку. Паводле Мінабароны Ўкраіны, з 6 верасьня ўзброеныя сілы вызвалілі каля 400 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці, дзе пражываюць 150 тысяч чалавек.