З паведамленьня Мінюста РФ вынікае, што расейскія ўлады лічаць, нібыта Галкін займаецца палітычнай дзейнасьцю, атрымліваючы за гэта грошы з Украіны.
Максім Галкін, камэнтуючы рашэньне ведамства ў Інстаграме, заявіў: «Замежны агент дык замежны агент. Я да замежных агентаў сябе не адношу».
Падставу для ўнясеньня яго ў рэестар Галкін назваў надуманай:
«Па-першае, я не займаюся палітычнай дзейнасьцю. Са сцэны на сваіх канцэртах я займаюся гумарыстычным жанрам, палітычнай сатырай . Калі я зьвяртаюся да сваіх падпісантаў ці гледачоў па-за жанрам, як грамадзянін, як чалавек, я гэта раблю абсалютна шчыра. Шчыра і застаючыся сумленным перад самім сабой. Міністэрства юстыцыі, шчырасьць і сумленнасьць не аплачваецца ў прыстойных людзей, да якіх я, спадзяюся, адношуся. Я не прадаю сваё меркаваньне і свае думкі і не купляю чужыя. Я гандлем сумленьнем не займаюся», – заявіў артыст.Ён дадаў, што грошы з Украіны апошні раз атрымліваў «гадоў дзесяць таму», калі даваў там канцэрты і падкрэсьліў, што не зьбіраецца адмаўляцца ад гумару «ва ўгоду палітычнай кан'юнктуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Максіма Галкіна завялі крымінальную справу, — экс-дэпутат Дзярждумы РасеіЗь першых дзён ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Максім Галкін выступаў з асуджэньнем вайны. Акрамя таго, ён паведаміў, што плянуе даць канцэрты ў Ізраілі, зьбіраючы дапамогу ўкраінскім уцекачам.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Максім Галкін з жонкай, сьпявачкай Алай Пугачовай, і дзецьмі зьехаў у Ізраіль. Пазьней Пугачова зь дзецьмі вярнуліся ў Расею, Галкін застаецца за мяжой.
У пачатку верасьня прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Галкін «рабіў вельмі дрэнныя заявы» і «яму відавочна з намі не па дарозе».