Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Максіма Галкіна завялі крымінальную справу, — экс-дэпутат Дзярждумы Расеі


Пра крымінальную справу за дыскрэдытацыю арміі Расеі ў дачыненьні да Максіма Галкіна паведаміў экс-дэпутат Дзярждумы РФ Раман Худзякоў. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтага няма.

Як заявіў Худзякоў на сваёй асабістай старонцы «ЎКантакце», Цэнтар па супрацьдзеяньні экстрэмізму Галоўнага ўпраўленьня МУС Расеі па Растоўскай вобласьці «ўгледзеў прыкметы складу злачынства па ч. 1 арт. 207.3 КК РФ», а менавіта Галкін дапусьціў выказваньні, якія «зьяўляюцца ілжывымі ў дачыненьні да войска Расейскай Фэдэрацыі».

Афіцыйнага пацьверджаньня гэтых зьвестак пакуль няма.

У камэнтары kp.ru Худзякоў патлумачыў, што інфармацыю аб справе ўзяў з паста растоўскага блогера, які раней напісаў заяву на Максіма Галкіна. На старонцы блогера «ЎКантакце» сапраўды пазначана, што 22 чэрвеня па ягоным звароце органы нібыта завялі справу супраць Максіма Галкіна. Аднак ніякіх дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ягоныя словы, мужчына не прадставіў. У адзіным апублікаваным ім дакумэнце ад ГУ МУС па Растоўскай вобласьці пазначана, што матэрыялы толькі накіраваныя ў Сьледчы камітэт для праверкі.

Адвакат Галкіна Андрэй Алешкін лічыць, што ня выключана, што блогер мог проста пераблытаць два паняцьці: праверка і завядзеньне справы.

«Насамрэч ад праверкі да крымінальнай справы — велізарны шлях. Па-першае, СК павінен гэтую самую праверку пачаць. Па-другое, праверка заканчваецца двума варыянтамі: альбо завядзеньнем крымінальнай справы, альбо адмовай ад яе. І па-трэцяе, калі справу ўсё ж заводзяць, аб гэтым выносіцца спэцыяльная пастанова. У гісторыі з Максімам Галкіным я нічога з гэтага пакуль ня бачыў», — растлумачыў юрыст kp.ru.

Як дадаў Раман Худзякоў, 28 ліпеня Галкін заплянаваў канцэрт у Турэччыне.

«Гумарыста-правакатара, хутчэй за ўсё, арыштуюць і экстрадуюць у Расею», — заявіў дэпутат.

Калі на Галкіна сапраўды завялі крымінальную справу і ён прыедзе на заплянаваны 28 ліпеня канцэрт у Турэччыну, зь якой у Расеі есьць пагадненьне аб узаемадапамозе па крымінальных справах і выдачы злачынцаў, яго могуць арыштаваць.

У сакавіку Максім Галкін неаднаразова выступаў з заклікамі спыніць вайну ва Ўкраіне, за што зь ім перасталі супрацоўнічаць на расейскім тэлебачаньні. Цяпер ён зь сям’ёй жыве ў Ізраілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG