Міністэрства замежных спраў Кіргізстану ўручыла Таджыкістану ноту пратэсту.
Узброеныя сутыкненьні ідуць па ўсім пэрымэтры кіргіска-таджыцкай дзяржаўнай мяжы, паведаміла памежная служба ДКНБ Кіргізстану.
Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, таджыцкі бок пачаў абстрэл мясцовасьцяў Кулунду, Максат і Джаны-Джэр Лейлецкага раёну Баткенскай вобласьці. Вайскоўцы памежнай службы вядуць агонь у адказ, зазначаецца ў паведамленьні. Зь сёлаў прымежнага Баткенскага раёну Кіргізстану эвакуююць мясцовых жыхароў, перадае кіргіская служба Радыё Свабода.
Кіргіскі бок абвінаваціў Таджыкістан у парушэньні дамоўленасьцяў і «вераломным нападзе».
«Улады Таджыкістану ня ў стане кантраляваць абстаноўку, больш за тое, садзейнічаюць эскаляцыі ўзброеных сутыкненьняў», — падкрэсьлілі ў ДКНБ.
Памежная служба заклікала Таджыкістан «спыніць агонь і накіраваць усе намаганьні на дээскаляцыю ўзброенага канфлікту».
Памежныя войскі ДКНБ Таджыкістану, у сваю чаргу, усклалі адказнасьць за пачатак канфлікту на кіргіскі бок. Паводле іх зьвестак, каля 4:50 кіргіскія памежнікі з выкарыстаньнем цяжкай зброі абстралялі памежную заставу «Душанбэ».
Агенцтва «Ховар», спасылаючыся на памежныя войскі Таджыкістану, паведаміла, што вайскоўцы Кіргізстану з прымяненьнем цяжкай зброі ўчынілі ўзброены напад на сем паселішчаў у межах гораду Ісфар, Ісфарынскага і Гафураўскага раёнаў.
Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў тым, што, нягледзячы на дамову аб спыненьні агню, на мяжы працягваецца страляніна.
З кіргіскага боку паведамляецца сама меней пра 11 пацярпелых. Іх шпіталізавалі ў Баткенскі абласны абʼяднаны шпіталь. З таджыцкага боку, паводле зьвестак таджыцкіх СМІ, загінулі два вайскоўцы, атрымалі раненьні 11 чалавек — 6 памежнікаў і 5 мясцовых жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас перастрэлкі на кіргіска-таджыцкай мяжы дайшло да мінамётаў, ёсьць параненыяГэта другое з пачатку тыдня абвастрэньне сытуацыі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану. 14 верасьня перастрэлка адбылася на трох розных памежных участках — у мясцовасьцях Булак-Башы, Як-Сай і Паскы-Арык. Бакі абвінавацілі адзін аднаго ў разьвязваньні інцыдэнту.
Працягласьць мяжы Кіргізстану з Таджыкістанам складае 970 кілямэтраў, 519 зь іх удакладненыя, астатняя частка застаецца неапісанай. Спрэчнымі застаюцца ўчасткі паміж Баткенскай вобласьцю Кіргізстану і Сагдыйскай вобласьцю Таджыкістану, дзе вёскі, а часам і дамы жыхароў дзьвюх рэспублік разьмешчаны побач, што абцяжарвае работу ў вызначэньні лініі мяжы. Праз гэтую нявызначанасьць паміж жыхарамі і памежнікамі суседніх дзяржаў часта адбываюцца сутыкненьні за права доступу да вады, зямлі і камунікацый. Пры гэтым нярэдка прымяняецца і зброя, што прыводзіць да чалавечых ахвяр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перастрэлка на мяжы Таджыкістану і Кіргізстану. Загінуў таджыцкі вайсковец, яшчэ двое параненыя