Сілавкі затрымалі 5 менчукоў, якія напрыканцы жніўня вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Украіны на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі. Які артыкул інкрымінуюць затрыманым, не ўдакладняецца.
Сярод затрыманых мужчыны і жанчыны ва ўзросьце ад 35 да 51 года.
Па словах начальніка Цэнтральнага РУУС Менска Віталя Семянцова, усе яны былі ў тэлеграм-каналах, размаўлялі паміж сабой у раённых чатах. Некаторыя зь іх удзельнічалі ў пратэстах 2020 году.
Паводле зьвестак міліцыі, затрыманыя рыхтаваліся да вывешваньня двух сьцягоў: «разьмяркоўвалі ролі, праводзілі рэкагнасцыроўку, вызначалі месцы здымкаў, назіралі за аб’ектамі, з мэтай кансьпірацыі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і закрыты канал сувязі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі сьвятара, які галадаў у падтрымку Лосіка, маліўся за Бандарэнку і выступаў супраць вайны ва ЎкраінеВедамства сьцьвярджае, што «пратэставую акцыю» арганізавала мянчанка Вікторыя, якая жыве за мяжой.
Дадатковай інфармацыі ад праваабаронцаў пра затрыманых пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 верасьня: 2,5 года «хіміі» за бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі