Сьцісла:
- Вайна ва Ўкраіне знаходзіцца на пэўнай пэрыфэрыі ўвагі беларускай прапаганды.
- Прапаганда спрабуе ісьці за «генэральнай лініяй». Калі яна не выказаная больш-менш ясна, то прапагандысты проста маўчаць.
- На расейскіх шоў прынята крычаць. А беларускія сьпікеры ня вельмі звыкліся крычаць — можа быць, за выключэньнем Алега Гайдукевіча.
- Дзяржаўная прапаганда ў аўтарытарным рэжыме абсалютна кіраваная.
- Беларуская прапаганда ўжо шмат разоў мяняла кірункі на супрацьлеглыя.
— Наступ украінскіх войскаў так ці іначай, але даволі актыўна абмяркоўваецца ў расейскіх СМІ, тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Але ў беларускіх дзяржаўных СМІ пануе фактычна поўнае маўчаньне на гэты конт. Чаму? Ня ведаюць, як рэагаваць, не атрымалі ўказаньняў?
— Сапраўды, гэтая тэма не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі беларускіх дзяржаўных СМІ, але трэба сказаць, што сама па сабе вайна ва Ўкраіне знаходзіцца на пэўнай пэрыфэрыі ўвагі беларускай прапаганды. Асноўны акцэнт робіцца на ўцекачах, на тым, ці ёсьць нейкая пагроза для Беларусі. Часта расказваюць пра дзяцей з Данбасу, пры гэтым на ОНТ адпаведная рубрыка называецца «У войны не детское лицо», што адсылае да кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Хаця, натуральна, Алексіевіч беларускія прапагандысты ў гэтым кантэксьце ня згадваюць.
Мы можам назіраць, што пасьля даволі доўгага маўчаньня ўсё ж даецца інфармацыя пра тое, што адбываецца, але вельмі стрымана. Прызнаецца, што адбываецца контранаступ украінскіх вайскоўцаў — цікава, што гэта робіцца са спасылкай на Дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена. Але ў цэлым беларускія дзяржаўныя СМІ даюць тое самае, што і расейскія мэдыя, бо цалкам адмаўляць тое, што адбываецца, немагчыма.
Важнай тэмай таксама застаецца Запароская АЭС, тут таксама ўсё даецца з расейскіх мэдыя. І тут назіраецца даволі цікавая штука. Калі Шпакоўскі ў сваім блогу кажа, што трэба было зьнішчаць крытычную інфраструктуру Ўкраіны ад самага пачатку вайны, то, напрыклад, Дзермант гаворыць пра «самаабстрэлы» Ўкраінай уласных электрастанцыяў. Яны малююць зусім розныя, супярэчлівыя вэрсіі, але ўсё гэта суіснуе ў адной інфармацыйнай прасторы. І Азаронак перапошчвае ў сябе і Шпакоўскага, і Дзерманта, хаця тыя і супярэчаць адзін аднаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў падтрымліваюць вайну. Вынікі новага апытаньня Chatham House— У Расеі надышла фаза прыняцьця паразаў на фронце, і патрыятычная публіка дзеліцца на дзьве часткі: адны даволі жорстка крытыкуюць улады і генэралаў, заклікаюць пачаць мабілізацыю; другія патрабуюць зьяднацца вакол улады і не «разгойдваць лодку». Беларуская прапаганда пакуль ня робіць нейкіх стратэгічных высноваў?
— Яны проста рэтрансьлююць паведамленьні расейскіх афіцыйных крыніц. Цытуюць, напрыклад, заявы Дзьмітрыя Мядзведзева, што гэта толькі разьмінка перад будучым патрабаваньнем татальнай капітуляцыі кіеўскага рэжыму. З другога боку, даецца інфармацыя, што затрымалі расейскіх настаўнікаў, якія прыехалі выкладаць на акупаваных тэрыторыях, і з гэтага ідуць нібыта «гуманістычныя» разважаньні наконт таго, ці можна затрымліваць цывільных людзей. Такім чынам быццам бы даказваецца «крывавы твар» кіеўскага рэжыму.
— Ці можна сказаць, што паколькі Лукашэнка пакуль ніяк не адрэагаваў на наступ украінскіх войскаў, то і прапаганда ўзяла пэўную паўзу? Бо, пакуль Расея наступала, яны паўзы не рабілі ў сваёй антыўкраінскай рыторыцы.
— Яны сапраўды ня хочуць лезьці «паперад бацькі ў пекла». Лукашэнка на пачатку вайны, відаць, разьлічваў на расейскі бліцкрыг, і прапаганда на гэта была адпаведна настроена. А цяпер ён, відаць, сапраўды ня верыць, што Расея можа прайграць, але ў тое, што Расея пераможа, ён таксама, магчыма, ужо ня верыць.
А прапаганда спрабуе ісьці за «генэральнай лініяй». І калі яна ня выказана больш-менш дакладна, то ім складана. Нейкі стройны хор мы чулі ў першыя дні вайны, а цяпер хору няма, ёсьць асобныя галасы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна зьмяніла Беларусь? Дыскусія экспэртаў— А як сябе паводзяць беларускія прапагандысты, калі прыяжджаюць у Расею на тамтэйшыя ток-шоў? Ці яны спрабуюць неяк прытрымлівацца асобнай «мірнай» беларускай афіцыйнай пазыцыі, ці зьліваюцца ў агульным расейскім патрыятычным наратыве?
— Галоўнае адрозьненьне беларускіх прапагандыстаў — гэта хутчэй тон. На расейскіх шоў прынята крычаць. А беларускія сьпікеры ня вельмі звыкліся крычаць — можа быць, за выключэньнем Алега Гайдукевіча. Але па сутнасьці іхная пазыцыя нічым не супярэчыць таму, што кажуць на расейскіх ток-шоў — ніякай асаблівай беларускай пазыцыі я ў іх не заўважыў.
— У выпадку нейкай зьмены, карэктаваньня пазыцыі афіцыйнага Менску з улікам разуменьня таго факту, што Расея ня выйграе, — ці можна чакаць, што прапаганда лёгка разьвернецца разам зь лініяй кіраўніцтва? Бо некаторыя аглядальнікі выказваюць думку, што прапаганда жыве ўжо выключна прарасейскім наратывам, ня вельмі зважаючы на афіцыйны Менск.
— Насамрэч дзяржаўная прапаганда ў аўтарытарным рэжыме абсалютна кіраваная. І, калі мяняюцца вэктары, яна мяняецца. Калі раптам нехта заўпарціцца, то проста вылеціць з сыстэмы. Нешта падобнае мы назіралі на пачатку 2020 году, калі людзі з моцнай прарасейскай пазыцыяй альбо часова выпадалі з сыстэмы, альбо проста не выказваліся на такія тэмы. Мы маглі назіраць, як сыходзіў і вяртаўся ў абойму той самы Вадзім Гігін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рачкова, Альхмам, Лебедзева. Якое сваё мінулае хавае прапагандыстка Ксенія Лебедзева— Ці застаецца ў сёньняшняй афіцыйнай прапагандзе беларуская тэматыка на галоўных ролях, альбо гэтая прапаганда ўжо абслугоўвае інтарэсы Расеі на тэрыторыі Беларусі, трансьлюе погляд «русского мира»? Ці гэта па-ранейшаму адданы рупар аўтарытарнага менскага рэжыму?
— На цяперашні момант гэтыя рэчы не супярэчаць адна адной. Вялікая ўвага надаецца ўнутранаму парадку дня. Зараз гэта і гучныя палітычныя працэсы, абмеркаваньне таго, як «хацелі забіць» Лукашэнку «змоўшчыкі» — Фядута, Зяньковіч, Кастусёў. Увага да вайны ва Ўкраіне ўсё ж не такая вялікая.
Я б сказаў, што ёсьць сынхранізацыя беларускай і расейскай прапаганды, то бок збольшага выкарыстоўваюцца адныя і тыя ж наратывы. Але ўсё ж асноўныя мэты кіроўны ў Беларусі рэжым перасьледуе ўласныя і з расейскімі мэтамі яны «попутчики», але не болей. Памятаем, як на пачатку 2020 году беларуская і расейская прапаганда апынуліся фактычна ў процістаяньні, а пасьля выбараў раптам зноў сталі сябрамі.
Так што ўсё можа хутка памяняцца чарговы раз, калі для гэтага будзе прычына. Зараз такой прычыны я ня бачу. Аднак беларуская прапаганда ўжо шмат разоў пераключалася туды-сюды, і гэта было б немагчыма, калі б яна абслугоўвала Крэмль. Аднак яна па-ранейшаму працуе на тое, што сёньня Лукашэнка лічыць патрэбным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская прапаганда на беларускай тэлевізіі — аналіз «Честных людей» і Маляваныча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапраўдныя змоўшчыкі — пры ўладзе. Пра што сьведчаць прысуды Фядуту-Кастусёву-Зянковічу