Падкамісія па расьсьледаваньні смаленскай катастрофы мела вынікі дасьледаваньняў, якія супярэчаць тэзісу пра выбух у крыле самалёта, то бок — пра замах на прэзыдэнцкі лайнэр. У авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе загінулі больш за 90 высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў, сярод якіх прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкай Марыяй.
Як паведамляе тэлеканал TVN24, які правёў расьсьледаваньне, кіраўнік падкамісіі Антоні Мацярэвіч (былы міністар абароны. — РС), вырашыў не публікаваць у выніковым дакладзе доказы, якія абвяргаюць вэрсію пра замах на борце прэзыдэнцкага лайнэра. Тэлеканал паказаў невядомыя раней матэрыялы, у тым ліку аналізы Нацыянальнага інстытуту авіяцыйных дасьледаваньняў ЗША (NIAR), якія былі схаваныя падкамітэтам.
«Падкамісія выбаркова разглядала доказы, якія ў яе былі, — расказаў у інтэрвію TVN24 Марэк Дамброўскі, былы сябра камісіі.
«Нязручныя доказы альбо замоўчваліся, альбо інтэрпрэтаваліся насуперак іх зьместу. У выпадку са Смаленскам напісаньне дакладаў з загадзя прынятымі тэзісамі зьяўляецца стандартам ад пачатку. Магчыма, таму, што ўсе гэтыя камітэты падпарадкоўваліся палітыкам. (...) Нашы аргумэнты ігнараваліся гадамі. Гэта недапушчальна», — кажа Дамброўскі. Разам зь ім падкамісію пакінулі яшчэ два чальцы.
Падкамісія Мацярэвіча наняла навукоўцаў з Нацыянальнага інстытуту авіяцыйных дасьледаваньняў ЗША. Адна з сымуляцый, зробленая амэрыканцамі, пацьвердзіла высновы польскай пракуратуры пра тое, што Ту-154М ударыўся аб дрэвы і самалёт перакуліўся шасі дагары. Аднак гэтая частка дасьледаваньня не ўвайшла ані ў справаздачу падкамісіі, ані ў дадаткі да яе.
Навукоўцы зь NIAR стварылі лічбавую мадэль бярозы на аснове дрэў, адмыслова прывезеных з Расеі. На падставе гэтых дадзеных яны правялі мадэляваньне аварыі, якое паказала, што бяроза на шляху прызямленьня магла пашкодзіць крыло самалёта. Гэтая выснова, як і многія іншыя, таксама не ўвайшла ў выніковую справаздачу смаленскай падкамісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адбыўся выбух у крыле». У Польшчы новая камісія па смаленскай катастрофе абвяргае першуюПершая камісія, якая вывучала катастрофу, зрабіла выснову, што прычынай катастрофы стала недапушчальнае зьніжэньне самалёта, калі ён спрабаваў прызямліцца, і сутыкненьне з дрэвамі. Паводле гэтай папярэдняй камісіі, рэгістратары палёту, якія знаходзіліся на борце самалёта, не пацьвярджаюць вэрсіі аб выбуху ў машыне. Новая падкамісія на чале з Мацярэвічам была сфармаваная пасьля таго, як да ўлады ў краіне прыйшла партыя «Права і справядлівасьць», кіраваная Яраславам Качыньскім, братам загінулага прэзыдэнта.
Сам Антоні Мацярэвіч сьцьвярджае, што не хаваў ніякіх доказаў, і адмаўляе інфармацыю тэлеканалу TVN24.