Фатаздымкі з расейскім пашпартам на імя Валера Сахашчыка прыйшлі ў рэдакцыйную пошту Свабоды 13 верасьня. Свабода адразу скантактавалася з крыніцай з атачэньня Сахашчыка, якая пацьвердзіла, што прадстаўнік Кабінэту сапраўды мае расейскае грамадзянства.
Першапачаткова гэтая асоба з атачэньня Сахашчыка, зь якой Свабода і раней кантактавала як з надзейнай крыніцай, набліжанай да палітыка, была няслушна пазначаная ў навіне як сам палітык.
«Гэта ня фэйк, — расказала Свабодзе згаданая асоба. — Атрымаў грамадзянства аўтаматам у 1992 годзе. Давалі ўсім, хто быў тады ў ГДР. Пашпартам ніколі не карыстаўся».
Па словах крыніцы, пашпарт захоўваўся ў доме Сахашчыка ў Берасьці. Мяркуецца, што дакумэнт забралі падчас ператрусу. Крыніца з атачэньня Сахашчыка дадала, што пасьля 1992 году ён ніколі не зьвяртаўся па прадаўжэньне расейскага грамадзянства, новы пашпарт яму дасылалі па пошце. Пазьней гэтая асоба скантактавалася з рэдакцыяй і патлумачыла, што словы пра пошту прагучалі вобразна.
Паводле фатаздымкаў дакумэнту, які атрымала рэдакцыя Свабоды, ён выдадзены ў 2012 годзе ў Калінінградзе. Там жа пазначаны адрас рэгістрацыі ўладальніка дакумэнта.
Пазьней у камэнтары для «Нашай Нівы» Валер Сахашчык патлумачыў:
«У Расеі я даўно ня быў і ніякіх справаў там не вяду. Жыву я са сваім беларускім пашпартам».
Валеры Сахашчык стаў першым «вайсковым міністрам» у пераходным кабінэце, пра які 9 жніўня абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская. Яго афіцыйная пасада называецца «прадстаўнік кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сахашчыка не шпіталізавалі, яго жыцьцю нічога не пагражае. Але вэрсію з атручэньнем не выключаюцьХто такі Валер Сахашчык
- Валер Сахашчык нарадзіўся 13 жніўня 1964 году ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну.
- Пасьля заканчэньня школы паступіў у Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Там трапіў у спартовы ўзвод. Пазьней па разьмеркаваньні Сахашчык трапіў у Забайкальскую вайсковую акругу, у Чыту. Потым — у дэсантную роту, якая базавалася ў ГДР. У Нямеччыне Сахашчык праслужыў пяць гадоў.
- У Берасьце Сахашчык прыехаў у 1992 годзе, пачаў служыць у 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Быў камандзірам батальёну.
- У 1999 годзе Сахашчык узначаліў брыгаду. Менавіта ён распрацаваў сыстэму выпрабаваньняў «Чорны арол». Вайсковец, які здаваў гэтыя тэсты, атрымліваў права насіць адмысловы знак. Сахашчык быў першым яго ўладальнікам.
- У 2002 годзе падпалкоўнік пакінуў брыгаду, як сам ён кажа, у выніку інтрыг і рэарганізацыі структураў Міністэрства абароны.
- Пасьля звальненьня Сахашчык заняўся бізнэсам. Мае буйную будаўнічую фірму, зарэгістраваную ў польскім Жырардаве. У кампаніі працуюць звыш 800 чалавек.
- У 2020 годзе Валер Сахашчык браў удзел у пратэстах у Берасьці.
- Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сахашчык выступіў з рэзкім зваротам да беларускіх сілавікоў, каб тыя ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
- Ад пачатку вайны Сахашчык некалькі разоў выяжджаў ва Ўкраіну, куды вазіў гуманітарную дапамогу, а таксама кансультаваў некаторых беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў.