Армэнія паведаміла пра 49 загінулых у баях з Азэрбайджанам. Як на канфлікт рэагуюць АДКБ, ААН, Расея і Турэччына

Нікол Пашыньян

Паводле прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, цяпер інтэнсіўнасьць баёў спала, аднак «напад азэрбайджанскага боку працягваецца па адным-двух кірунках», піша армянская служба Радыё Свабода — Радыё Азатут'юн.

«Азэрбайджан спрабуе ўсё гэта (абстрэлы) прадставіць у якасьці адказу на нібыта правакацыі з боку Армэніі, але гэта абсалютна лжывая інфармацыя», — сьцьвярджае Пашыньян.

Пра тое, што войскі Азэрбайджану пачалі абстрэльваць памежныя армянскія гарады, стала вядома 12 верасьня вечарам. Пад ударам апынуліся населеныя пункты Горыс, Сотк і Джармук. Баку абгрунтаваў свае дзеяньні тым, што армянскія вайскоўцы правялі «шырокамаштабныя правакацыі» побач з вайсковымі абʼектамі на іх баку. Пасьля гэтага Нікол Пашыньян зьвярнуўся да расейскіх уладаў, АДКБ і Рады Бясьпекі ААН з просьбай дапамагчы ва ўрэгуляваньні канфлікту.

Пазьней МЗС Расеі паведаміў, што Баку і Ерэван пры іх садзейнічаньні дамовіліся аб спыненьні агню з 09:00 паводле маскоўскага часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сутычкі на мяжы Азэрбайджану і Армэніі. Ерэван зьвярнуўся па дапамогу да Расеі, АДКБ і ААН

Рэакцыя АДКБ

АДКБ заяўляе, што задзейнічала мэханізмы арганізацыі для ўрэгуляваньня сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы.

Пра якія мэханізмы ідзе гаворка, не паведамляецца. Арганізацыя толькі адзначае, што лічыць ужываньне сілы непрымальным.

Рада Бясьпекі ААН

Францыя, якая старшынюе ў Радзе Бясьпекі ААН, скліча пасяджэньне Рады з прычыны абвастрэньня сытуацыі на мяжы Армэніі і Азэрбайджану. Пра гэта паведамілі ў аўторак у Елісейскім палацы.

Тэрміны абмеркаваньня пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН і іншыя дэталі не ўдакладняюцца. Раней паведамлялася, што прэм'ер-міністар Армэніі правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі абвясьцілі афіцыйныя лічбы на парлямэнцкіх выбарах, партыя Пашыньяна набрала амаль 54%

Рэакцыя Расеі

«Прэзыдэнт [Уладзімір Пуцін] робіць усё, каб садзейнічаць дээскаляцыі напружанасьці на мяжы. Праца працягваецца», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў.

Ці будзе Масква нешта рабіць з просьбай Ерэвана да АДКБ аб дапамозе? Падрабязна на гэтае пытаньне Пяскоў не адказаў. «Больш я б зараз нічога не хацеў казаць. Праца ідзе, ёсьць розныя дамоўленасьці, я б не хацеў нічога абвяшчаць, пакуль не завершыцца працэс узгадненьня», — падкрэсьліў Пяскоў.

Рэакцыя Турэччыны

Саюзьнік Азэрбайджану Турэччына абвінаваціла ў сутыкненьнях Армэнію і заклікала Ерэван спыніць правакацыі супраць Баку.

«Армэнія павінна спыніць правакацыі і засяродзіцца на мірных перамовах і супрацоўніцтве з Азэрбайджанам», — напісаў у Твітэры міністар замежных спраў Меўлют Чавушоглу пасьля тэлефоннай размовы з МЗС Азэрбайджану.