Лукашэнка можа стаць першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны, — украінскі палітоляг Магда

Украінскія байцы рвуць расейскі сьцяг у адным з вызваленых населеных пунктаў Украіны

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда аналізуе палітычныя наступствы апошніх посьпехаў украінскай арміі, ацэньвае магчымасьць уваходу ў вайну беларускіх войскаў і заяўляе, што функцыя Лукашэнкі на сёньня — рыхтавацца да здачы ўлады.

Сьцісла:

  • Ідзе працэс дэміталягізацыі расейскай арміі.
  • Прэрагатыва расейцаў — думаць, што яны ўсіх «шапкамі закідаюць».
  • Магчыма, Кіеў думае, што закончыцца вайна і мы з Лукашэнкам вернемся да business-as-usual — звычайным, як раней, адносінам.
  • У Лукашэнкі пакуль не забралі права гаварыць пра ўраджайнасьць і ягонага сабачку. Усё іншае ўжо ў кампэтэнцыі Расеі.

— Ці можна назваць апошнія посьпехі Ўкраіны на франтах назваць тым самым карэнным пераломам у вайне, які многія так доўга чакалі?

— Ва Ўкраіне ўсё ж пакуль не гавораць пра карэнны пералом, гавораць пра эфэктыўны контранаступ. І такая абачлівасьць апраўданая, бо мы разумеем, што праціўнік небясьпечны, і таму адпаведна да яго трэба ставіцца — без настрояў, што мы іх «шапкамі закідаем». Гэта прэрагатыва расейцаў — думаць, што яны ўсіх «шапкамі закідаюць». А мы іх проста пераможам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьне гарадоў і вёсак на Харкаўшчыне і Херсоншчыне: эмоцыі людзей і захопленая тэхніка. ФОТA і ВІДЭA

— Калі казаць пра палітычны, маральны і псыхалягічныя аспэкты, ці ўлічвае іх Кіеў у сваіх ваенных разьліках? Як расейскае грамадзтва рэагуе на апошнія паразы?

— Там ідзе працэс дэміталягізацыі расейскай арміі. Можа, нехта ў Расеі яшчэ тыдзень таму думаў, што яна «непобедимая и легендарная, в боях познавшая радость побед». Але цяпер бачыць, што гэта армія, няздольная процістаяць ціску Ўкраіны. Мы яшчэ ў Бучы пабачылі, што гэта за армія. А цяпер мы ўбачылі, што яна нават у адноснай набліжанасьці да ўласных расейскіх межаў ні на што толкам ня здольная.

Яўген Магда

Мы назіраем, як яны могуць толькі закідваць тысячы ракет і снарадаў, руйнуючы інфраструктуры мірных гарадоў. Але як толькі ім нанесьлі ўдары, выявілася, на што яны сапраўды здольныя. Расейцы выявіліся слабымі, і ня трэба баяцца пра гэта гаварыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Oryx Project: расейцы страцілі 333 адзінкі тэхнікі толькі за апошні тыдзень. Украінскія войскі месцамі дайшлі да мяжы з Расеяй

— Калі паспрабаваць усё ж ацаніць узьдзеяньне паразаў Расеі на фронце на сытуацыю ўнутры Расеі — ці можна сказаць, што нешта пачынае адбываецца?

— Пачынаецца бурленьне сярод ура-патрыётаў, якія чакалі вялікіх перамог і разьлічвалі, што лёгка паставяць Украіну на калені. А калі гэта аказалася абсалютна немагчымым, то зьявілася сур’ёзная праблема. Таму пачаліся ўдары па ўкраінскіх абʼектах першаснай інфраструктуры, напрыклад па электрастанцыях, якія забясьпечваюць гарады сьвятлом. Гэта ня мае ніякіх ваенных мэтаў, гэта проста помста за паразы.

Ва Ўкраіне чакалі, што Расея будзе біць па абʼектах першаснай інфраструктуры. Але думалі, што гэта адбудзецца пазьней, калі пачнецца абагравальны сэзон. У Пуціна справы кепскія, і ён спрабуе падаць сваім грамадзянам сыгнал пра ўяўную веліч Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Atlantic Council: У выніку вайны ва Ўкраіне Расея можа паўтарыць лёс СССР або Югаславіі

— Некаторыя вайсковыя экспэрты гаварылі, што ўкраінцы дэзарыентавалі расейцаў сваёй актыўнасьцю на херсонскім накірунку, а самі нанесьлі асноўны ўдар у Харкаўскай вобласьці. Калі ацэньваць публічныя заявы ўкраінскага кіраўніцтва, ці можна сказаць, што вызваленьне Херсонскай вобласьці па-ранейшаму зьяўляецца найхутчэйшай стратэгічнай задачай?

— Асноўная заява ўкраінскага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва палягае ў тым, што перамовы з Расеяй магчымыя толькі пасьля поўнага вызваленьня ўсіх часова акупаваных тэрыторыяў Украіны. Любыя іншыя варыянты на сёньняшні момант проста не разглядаюцца. Ніхто не ўспрыме перамовы з Расеяй зараз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна пераламіла ход вайны. Генштаб Узброеных сіл Украіны: расейцы імкліва пакідаюць свае пазыцыі

— Якая цяпер сытуацыя з вайсковай дапамогай Украіне з боку Захаду? Ці няма нейкай стомленасьці ад вайны, або сярод палітыкаў гэта не заўважана?

— Асноўным арсэналам зброі зьяўляюцца ЗША. Іншыя краіны проста ня маюць рэальнай магчымасьці пастаўляць такую вялікую колькасьць зброі; іхная дапамога важная, але не ў такім абʼёмах. А ў ЗША ў кастрычніку пачнецца новы фінансавы год і запрацуе прыняты закон аб лэнд-лізе. І таму, я думаю, пабачым багата чаго.

— На фоне посьпехаў Украіны можна па-новаму паглядзець на сытуацыю вакол Беларусі. З аднаго боку, адны аналітыкі чакаюць, што Лукашэнка можа зноў узгадаць «шматвэктарнасьць», іншыя, наадварот, лічаць, што павялічваецца магчымасьць удзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. Маўляў, на фоне сваіх паразаў Масква можа прымусіць Лукашэнку на гэта. Што вам падаецца больш імаверным?

— Пасьля сотняў ракет, запушчаных з тэрыторыі Беларусі, пасьля таго, як расейскія войскі зайшлі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі і нарабілі тое, што яны нарабілі ў Бучы, Лукашэнку ніхто ня верыць. У Беларусі няма такой падтрымкі вайны, якую хацела б бачыць Расея.

Лукашэнка можа аддаць які заўгодна загад, але гэта ня будзе мець сурʼёзных наступстваў. Ягоная функцыя на сёньня — гэта рыхтавацца да здачы ўлады такім спосабам, каб ня зьнішчыць беларускую дзяржаўнасьць. Я ўжо не гавару ў катэгорыі «незалежнасьць».

Бо адносіны Лукашэнкі з Крамлём прывялі да таго, што з кожнай гадзінай у яго становіцца карацейшым павадок, на якім яго трымаюць. І ён, я думаю, добра разумее, што калі беларускія войскі ўвойдуць ва Ўкраіну, то ўкраінцы, дзеючы паводле прынцыпу «ў гатунках агрэсару не разьбіраемся», будуць дзейнічаць адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны? Што пра гэта кажуць былы камандуючы NATO ды іншыя экспэрты

— У выпадку разьвіцьця падзеяў, якое можна будзе назваць паразай Расеі ў гэтай вайне, так ці іначай застанецца нявырашаным беларускае пытаньне. Калі зь беларускай тэрыторыі ляцелі і ляцяць ракеты на Ўкраіну, чаму ня могуць паляцець ракеты ў адказ?

— Я думаю, украінскае кіраўніцтва імкнецца (камусьці гэта можа падацца ірацыянальным) зьберагчы адносіны зь беларускім народам, бо адносінаў зь беларускім кіраўніцтвам зараз няма. Кіеў, нягледзячы на сустрэчы Арастовіча зь Ціханоўскай, пакуль не рашаецца прызнаваць пераходны кабінэт Ціханоўскай. Я думаю, што ў Кіеве няма дакладнай пазыцыі наконт таго, што можа даць гэтае прызнаньне.

Я не выключаю, што Кіеў думае пра тое, што закончыцца вайна і мы з Лукашэнкам вернемся да business-as-usual, звычайным, як раней, адносінам. Гэта ня будзе правільным крокам.

Я хутчэй дапускаю, што Лукашэнка стане першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны. То бок ён стане тым абʼектам, які Пуцін выставіць перад сабой. Памятаеце, як ён казаў: «Пускай они попробуют стрелять в женщин и детей, за которыми мы будем стоять ззади». Так і тут. Мы скінем Лукашэнку і скажам, што гэта ён арганізаваў вайну Расеі з Украінай.

— Калі Крэмль будзе прымушаць Лукашэнку ўвесьці беларускія войскі, ці мае той усё яшчэ магчымасьць неяк адбіцца?

— У Лукашэнкі пакуль не забралі права гаварыць пра ўраджайнасьць і ягонага сабачку. Усё іншае ўжо ў кампэтэнцыі Расеі. Але расейцы разумеюць, што беларускія вайскоўцы ведаюць, што адбываецца ва Ўкраіне, і, адпаведна, ведаюць, што ім няма чаго лавіць ва Ўкраіне. Зацягнуць іх туды будзе вельмі складана. Беларускія вайскоўцы разумеюць, якія катастрафічныя наступствы будуць для іх, калі яны паспрабуюць увайсьці на тэрыторыю Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.