Міністэрства абароны Азэрбайджану заяўляе, што Ўзброеныя сілы Армэніі ў ноч на 12 верасьня зьдзейсьнілі маштабную правакацыю ў Дашкасанскім, Кельбаджарскім і Лачынскім кірунках мяжы.
Міністэрства паведамляе, што дывэрсійныя групы супрацьлеглага боку ў цёмны час сутак замінавалі ўчасткі паміж пазыцыямі азэрбайджанскай арміі і дарогамі забесьпячэньня ў розных кірунках, выкарыстоўваючы горную мясцовасьць і лагчыны. Каб не дапусьціць гэтага, азэрбайджанская армія прыняла тэрміновыя захады, і адбылася бітва.
У міністэрстве гавораць, што некаторыя пазыцыі войскаў, сховішчы і апорныя пункты на тэрыторыі названых раёнаў зазнаюць інтэнсіўны абстрэл з розных відаў зброі, у тым ліку мінамётаў. Таксама адзначаецца, што ёсьць страты сярод асабістага складу і пашкоджаньні вайсковай інфраструктуры, а Армэнія сканцэнтравала ўздоўж межаў Азэрбайджану наступальныя ўзбраеньні, цяжкую артылерыю і асабісты склад.
Мінабароны Азэрбайджану, акрамя таго, заяўляе, што інфармацыя армянскага боку аб нанясеньні азэрбайджанцамі ўдараў па цывільным насельніцтве, аб’ектах і інфраструктуры не адпавядае рэчаіснасьці, а «супрацьдзеяньне ў адказ на правакацыі» носіць лякальны характар і нацэлена на законныя вайсковыя аб’екты, якія зьяўляюцца пляцдармамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Карабаху новыя баі, ёсьць загінулыя. Абвясьцілі частковую мабілізацыюУ Армэніі вінавацяць у агрэсіі Азэрбайджан, заяўляючы, што ён атакаваў гарады Гарыс і Джэрмук і сяло Сотк бесьпілётнікамі і мінамётамі. Ад гэтага па трывозе была паднятая расейская вайсковая база ў горадзе Гюмры.
Улады ў Ерэване запярэчваюць, што першымі атакавалі пазыцыі азэрбайджанцаў, як пра тое гавораць у Баку. Таксама армяне кажуць пра тое, што пры азэрбайджанскіх атаках загінулі некалькі армянскіх вайскоўцаў, але падрабязнасьці пакуль не паведамляюцца.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян правёў паседжаньне Рады бясьпекі краіны, на якім прысутнічалі таксама прэзыдэнт Ваагн Хачатур’ян і старшыня Нацыянальнага Сходу Ален Сіманьян.
«У сувязі з агрэсіяй супраць сувэрэннай тэрыторыі Рэспублікі Армэнія прынята рашэньне афіцыйна зьвярнуцца да Расейскай Фэдэрацыі ў мэтах рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, а таксама ў Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і ў Раду Бясьпекі ААН», — гаворыцца ў паведамленьні армянскіх уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэвалюцыянэр стаў жандарам. Армянскі аналітык пра войскі АДКБ у КазахстанеТаксама вядома, што Нікол Пашыньян тэлефанаваў прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону. Парыж раней пасьлядоўна падтрымліваў у канфлікце армянскі бок.
Папярэдняя эскаляцыя канфлікту паміж дзяржавамі адбылася 3 жніўня. Тады Міністэрства абароны непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах, які ў Армэніі называюць Арцахам, паведаміла пра гібель двух вайскоўцаў-кантрактнікаў і раненьні 14 салдат. МЗС Азэрбайджану заявіла пра сьмерць азэрбайджанскага вайскоўца. Згодна з указам карабаскага лідэра Араіка Аруцюньяна, у Нагорным Карабаху аб’явілі частковую мабілізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АДКБ: няма кансалідаванай пазыцыі у стаўленьні да вайны ва Ўкраіне, удзел арганізацыі ў ёй не абмяркоўваўсяКанфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
- Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон, раненьняў і гібелі.