Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Бабіш незаконна выкарыстаў субсыдыі для будаўніцтва ўласнага канфэрэнц-цэнтру з гатэлем у ваколіцах Прагі. Сам ён адмаўляе абвінавачаньні і лічыць справу супраць сябе палітычна матываванай.
Абвінавачваньне сьцьвярджае, што Бабіш хаваў той факт, што зьяўляецца фактычным уладальнікам канфэрэнц-цэнтру і гатэля, каб выкарыстоўваць субсыдыі ЭЗ, прызначаныя толькі для малога бізнэсу. У выпадку, калі суд палічыць яго вінаватым, Бабішу можа пагражаць турэмны тэрмін, хоць цяпер пракуратура патрабуе для яго ўмоўнага тэрміну і штрафу. Рашэньне суду будзе вынесенае не раней за сярэдзіну кастрычніка.
Сьледзтва па справе пачалося, калі Бабіш яшчэ быў прэмʼер-міністрам, і працягвалася некалькі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі праходзіць найбуйнейшая за 30 гадоў акцыя пратэсту68-гадовы Бабіш — мільярдэр і кіраўнік найбуйнейшай апазыцыйнай партыі ANO. У 2014–2017 гадах ён быў міністрам фінансаў Чэхіі, а з 2017 па 2021 год займаў пасаду кіраўніка ўраду. Летась яго партыя, хоць і заняла па выніках выбараў першае месца па колькасьці дэпутатаў у парлямэнце, не змагла скласьці кааліцыю і апынулася ў апазыцыі. Чакаецца, што ён вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары ў студзені 2023 году.
Бабіш паўтарыў у судзе, што ня лічыць сябе вінаватым. На ягоную думку, справа супраць яго заведзена, каб зрабіць немагчымым яго ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле апытаньняў, ён прэтэндуе на перамогу ці як мінімум на выхад у другі тур.