Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі праходзіць найбуйнейшая за 30 гадоў акцыя пратэсту


У сталіцы Чэхіі Празе праходзіць масавая акцыя пратэсту супраць прэм’ер-міністра краіны Андрэя Бабіша. Мітынг праходзіць у парку Летна — там жа, дзе ў дні Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. былі арганізаваны маштабныя пратэсты супраць праўленьня камуністычнай партыі.

Тады ў пратэстах удзельнічала каля паўмільёна чалавек. На сёньняшняй дэманстрацыі арганізатары чакаюць да 250 тысяч удзельнікаў.

Акцыі супраць Бабіша праводзяцца з красавіка ў Празе і іншых гарадах Чэхіі. Лік іх удзельнікаў пастаянна расьце. Тры тыдні таму дэманстранты запоўнілі Вацлаўскую плошчы ў цэнтры горада, іх было, па розных зьвестках, ад 90 да 120 тысяч чалавек. Таму арганізатары перанесьлі сёньняшні мітынг на Летну: у цэнтры яго ўдзельнікі ўжо не зьмясьціліся б.

​Як паведамляюць чэскія СМІ, удзельнікі акцыі прыбывалі ў Прагу на аўтобусах і цягніках з усёй краіны.

Нагодай для маштабных пратэстаў стала крымінальная справа супраць Бабіша па падазрэнні ў махлярстве з фондамі Эўрапейскага зьвяза. Сьцьвярджаецца, што сямейная фірма Бабіша атрымала грошы ад ЭЗ у парушэньне закона. Эўракамісія таксама абвінаваціла прэмʼера Чэхіі ў канфлікце інтарэсаў пры атрыманьні датацый для яго холдынгу Agrofert. Непасрэднай прычынай росту ліку ўдзельнікаў акцый пратэсту стала прызначэньне міністрам юстыцыі прыхільніцы Бабіша Марыі Бэнэшавай. Праціўнікі прэмʼера асьцерагаюцца, што яна будзе аказваць ціск на сьледзтва.

Андрэй Бабіш адмаўляе сваю віну і сьцьвярджае, што прычын для масавых дэманстрацый няма.

Бабіш — адзін з найбагацейшых людзей Чэхіі, уладальнік шэрагу буйных прадпрыемстваў і СМІ. Ён узначальвае кааліцыйны ўрад, які абапіраецца, у тым ліку на галасы дэпутатаў ад Камуністычнай партыі — што таксама абурае многіх дэманстрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG