«Б/Уржуазные ценности» прыпынілі працу
Праўдападобна, крамай ужыванай мэблі заняліся сілавікі.
У сацсетках крамы зьявілася паведамленьне, што барахолка не працуе «па тэхнічных прычынах».
Згодна з інфармацыяй «Эўрарадыё», сілавікі правялі некалькі затрыманьняў у адміністрацыі вінтажнай крамы.
«Б/Уржуазные ценности» займаліся продажам антыкварнай мэблі ды іншых «олдскульных» аксэсуараў для дому. Барахолка месьціцца каля станцыі мэтро «Фрунзэнская» ў Менску.
Полацкага актывіста адправілі за краты на 15 дзён
Грамадзкага актывіста Ільлю Багданава сілавікі затрымалі 8 верасьня ў Полацку. На наступны дзень над ім адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша «Вясна».
Судзьдзя Віктар Баліка прызнаў яго вінаватым і прызначыў яму 15-дзённы арышт.
Ільля працуе юрысконсультам на адным з полацкіх прадпрыемстваў, раней вылучаўся кандыдатам у дэпутаты парлямэнту па Полацку. Таксама вядома, што Багданава затрымлівалі пад час пратэстаў пасьля выбараў у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых пасьля суду над анархістамі Насту Лойку і Данілу Кашэўскага арыштавалі на 15 і 12 сутак адпаведнаПалітвязьня асудзілі да 4 гадоў калёніі за «заклікі да санкцыяў» і «абразу Лукашэнкі»
У Горадзенскім абласным судзе 12 верасьня палітвязьня Рыгора Грыга судзьдзя Мікалай Рачынскі пакараў 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
Мужчыну затрымалі летась 29 верасьня ў Горадні па так званай «справе Зельцэра», паведамляюць праваабаронцы.
Адразу Рыгору выставілі абвінавачваньне па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). Аднак за час сьледзтва яму выставілі абвінавачваньне яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), а арт. 369 КК зьнялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Віцебску зноў асудзілі ксяндза, ГУБАЗіК затрымаў былога сілавіка