Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што посьпех украінскага войска стаў вынікам кампаніі, якая ўключае максымальнае выкарыстаньне заходніх сыстэм узбраеньня. Працяглае абмеркаваньне, а затым заява Кіева пра контранаступальную апэрацыю з Херсонскай вобласьці адцягнула расейскія войскі ад сэктараў, на якіх украінскія сілы правялі вырашальныя атакі ў апошнія некалькі дзён.
Узброеныя сілы Ўкраіны ўжылі HIMARS і іншыя заходнія сыстэмы для нападаў на расейскія наземныя лініі сувязі ў Харкаўскай і Херсонскай абласьцях, стварыўшы ўмовы для посьпеху апэрацыі. Украінскія ўлады дэманстратыўна абмяркоўвалі ўдары на поўдні, пасьпяхова ўводзячы расейцаў у зман адносна сваіх намераў у Харкаўскай вобласьці.
Цяперашняе контранаступленьне, аднак, не пакладзе канец вайне, адзначаюць экспэрты. Кампанія на паўночным усходзе Ўкраіны ў выніку завершыцца, што дазволіць расейскім войскам аднавіць устойлівую абарончую лінію і, магчыма, нават правесьці лякальныя контратакі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі экс-кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьціУкраіне давядзецца пачынаць новыя контранаступальныя апэрацыі, каб завяршыць вызваленьне акупаванай Расеяй тэрыторыі, у сувязі з гэтым вайна, хутчэй за ўсё, зацягнецца да 2023 году. Украіна пераламала ход вайны на сваю карысьць. Кіеў, пэўна, будзе ўсё часьцей дыктаваць месца і характар асноўных баявых дзеяньняў, а Расея будзе ўсё часьцей неадэкватна рэагаваць на рост фізычнага і псыхалягічнага ціску з боку Ўкраіны.
Тым часам Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што захоўваецца пагроза далейшых расейскіх удараў па гарадах Украіны, авіяцыйных і ракетных.
«За мінулыя суткі праціўнік нанёс 18 ракетных і 39 авіяўдараў па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Ўкраіны. Пацярпелі больш за 30 населеных пунктаў, у прыватнасьці Краматорск, Канстанцінаўка, Дніпро, Паўлаград і Вялікаміхайлаўка. Расейцы ўчынілі чарговы тэрарыстычны акт — нанесьлі ракетны ўдар па Харкаўскай ЦЭЦ — аб’екту крытычнай інфраструктуры гораду. У выніку некалькі раёнаў аказаліся часткова адключанымі», — піша Генштаб УСУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Харкаў зноў трапіў пад расейскі абстрэл і застаўся безь сьвятла і вадыЗа 11 верасьня ўкраінскія сілы вызвалілі больш за 20 населеных пунктаў, аднавіўшы там украінскую ўладу.
Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць, што працягваецца вызваленьне населеных пунктаў ад расейскіх захопнікаў у Харкаўскай і Данецкай абласьцях, падчас адступленьня расейцы хутка пакідаюць пазыцыі і ўцякаюць углыб часова акупаваных тэрыторый або на тэрыторыю РФ.
«Гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Так, за мінулыя суткі з пасёлкаў Вялікі Бурлук і Дворычна Харкаўскай вобласьці акупанты забралі маёмасьць і транспарт, нарабаваны ў мясцовых жыхароў. У Луганскай вобласьці расейскія вайскоўцы зь сем’ямі пакінулі горад Сватава, засталіся толькі байцы так званага „народнага апалчэньня“, зь ліку мясцовых жыхароў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскае войска пакінула некалькі населеных пунктаў на Луганшчыне і Хэрсоншчыне — ГенштабВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.