«Паўтараецца сытуацыя ўчорашняга вечара. Праз абстрэлы выведзеныя са строю аб’екты крытычнай інфраструктуры, таму ў Харкаве зьнікла сьвятло і спынена водазабесьпячэньне», — паведаміў мэр гораду Ігар Церахаў. Паводле яго, з наступствамі змагаюцца энэргетыкі, ратавальнікі і супрацоўнікі камунальных службаў.
Рух цягнікоў мэтро таксама часова спыніўся.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што пры абстрэлах абласнога цэнтра адзін чалавек загінуў, яшчэ чацьвёра пацярпелі.
Абстрэлы 11 верасьня
11 верасьня два чалавекі загінулі і двое атрымалі раненьні ў выніку нядзельнага ракетнага ўдару расейскіх войскаў па аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў Харкаўскай вобласьці.
Пра гэта паведаміла прэс-служба службы надзвычайных сытуацый па Харкаўскай вобласьці. Паводле паведамленьня, 11 верасьня адзін пажар у Халаднагорскім раёне Харкава ўспыхнуў на плошчы тысяча квадратных мэтраў, загінулі два чалавекі. Другі — у Чугуеўскім раёне вобласьці, на тэрыторыі Слабажанскай грамады на плошчы 70 квадратных мэтраў, дзе пацярпелі два чалавекі.
Акрамя таго, каля поўначы расейцы нанесьлі другі ракетны ўдар па Харкаве. Адна з ракет упала ў трохпавярховы жылы дом, які абваліўся — пажару не было, але адзін чалавек загінуў і двое атрымалі раненьні.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што ў выніку расейскіх ракетных удараў па Харкаве і значнай частцы Харкаўскай вобласьці зьнікла электразабесьпячэньне. Таксама без электрычнасьці не працавалі помпы, якія падаюць ваду ў дамы людзей, у Харкаве спынілася мэтро.
«Цяпер электра- і водазабесьпячэньне ў рэгіёне адноўленае на 80%. Работы працягваюцца. Дзякуем нашым энэргетыкам і ратавальнікам за апэратыўную і самаадданую працу», — папісаў ён у Telegram.
З-за масіраваных абстрэлаў з боку РФ былі абясточаны 40 падстанцый і сотні тысяч хатніх гаспадарак, паведаміў у фэйсбуку міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.
«Сотні тысяч украінцаў заставаліся безь сьвятла на Палтаўшчыне, Днепрапятроўшчыне, Харкаўшчыне, Сумшчыне, Данбасе... Але хуткасьць аднаўленьня натхняе. Ужо праз 40 хвілін сьвятло пачало вяртацца ў дамы ўкраінцаў(...) Цалкам адноўлена электразабесьпячэньне спажыўцам Палтаўскай, Данецкай вобласьці, цяпер яшчэ застаюцца абясточанымі на Сумшчыне 1, 7 тысячы спажыўцоў, на Днепрапятроўшчыне — каля 3 тысяч, на Харкаўшчыне — 12 тысяч. Працы па аднаўленьні працягваюцца», — расказаў Галушчанка.
Па папярэдніх дадзеных, кажа Галушчанка, пры абстрэле загінулі чацьвёра энэргетыкаў, трое параненыя.
Учорашні абстрэл міністар назваў адным з самых масавых абстрэлаў энэргетычнай інфраструктуры з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць абласьцей Украіны засталіся цалкам або часткова безь сьвятла ў выніку расейскіх абстрэлаўУ сувязі з учорашнімі падзеямі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да расейцаў:
«Холад, голад, цемра і смага не такія страшныя і сьмяротныя для нас, як вашы „дружба і братэрства“».
Амбасада ЗША назвала напад Расеі на абʼекты інфраструктуры відавочным адказам на посьпехі Ўзброеных сіл Украіны на фронце. Пра гэта заявіла амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Брыджыт Брынк:
«Відавочны адказ Расеі на вызваленьне Украінай гарадоў і вёсак на ўсходзе: запускі ракет для зьнішчэньня найважнейшай цывільнай інфраструктуры», — напісала Брынк у Twitter.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ абвясьціў пачатак кансультацый аб стварэньні бясьпечнай зоны на Запароскай АЭС