Расейская служба Радыё Свабода сабрала інфармацыю, як украінскія школьнікі навучаюцца падчас вайны.
Пачатак навучальнага году падчас вайны стаў для Украіны вялікім выпрабаваньнем. Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі Ўкраіны, у краінах Эўразьвязу знаходзіцца кожны сёмы ўкраінскі школьнік, гэта 640 тысяч дзяцей.
Ва Ўкраіне, паводле зьвестак уладаў, праз абстрэлы расейскага войска пацярпелі больш за дзьве тысячы школ, амаль 300 будынкаў разбураныя цалкам.
Вочныя заняткі ўлады Ўкраіны дазволілі толькі ў выпадку, калі ў самой школе ці паблізу ёсьць бамбасховішча — такім чынам, каля 40% усіх школ краіны змаглі адчыніць дзьверы для школьнікаў у клясах, астатнія арганізуюць анлайн-навучаньне.
Пры вочным навучаньні дзіця павінна насіць на руцэ спэцыяльны бранзалет, на якім указаныя ня толькі яго імя і прозьвішча, але і група крыві. Штодзённая рэальнасьць для многіх школьнікаў — неабходнасьць спусьціцца ў бамбасховішча або хаця б у склеп пасьля таго, як прагучыць паветраная трывога, а яны ў шматлікіх украінскіх гарадах гучаць ці ледзь не штодня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЮНІСЭФ: кожная шостая школа ва Ўкраіне разбураная або пашкоджаная. ФОТАУкраінскія ўлады разумеюць, што далёка ня ўсе бацькі нават пры ўмове наяўнасьці бамбасховішча пагодзяцца адправіць сваё дзіця ў школу для вочных заняткаў, таму ў пачатку навучальнага года можна было выбіраць зь некалькіх варыянтаў атрыманьня адукацыі: вочная, дыстанцыйная, хатняя, навучаньне экстэрнам. Індывідуальная і сямейная форма навучаньня мяркуецца таксама для тых дзяцей, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Міністэрства адукацыі распрацавала для іх спэцыяльную анлайн-праграму.
Дзеці тых, хто быў эвакуяваны з зоны баявых дзеяньняў, а таксама тыя, хто жыве ў акупацыі, могуць пачаць навучаньне на працягу навучальнага года, не абавязкова з 1 верасьня. Частка бацькоў выбрала дыстанцыйнае навучаньне і на тэрыторыях 5 украінскіх абласьцей, якія часткова знаходзяцца пад кантролем Расеі: у Данецкай, Запароскай, Луганскай, Харкаўскай і Херсонскай. У Херсонскай вобласьці, як заяўляюць чыноўнікі прызначаных там Масквой акупацыйных адміністрацый, адкрылася 91 школа, хоць згодна з рэестрам суб’ектаў адукацыі Ўкраіны да вайны там было 457 сярэдніх школ, а ў адным толькі Херсоне — 65.
Укамплектаваць мясцовымі настаўнікамі навучальныя ўстановы на акупаваных тэрыторыях не ўдалося, іх часткова паспрабавалі замяніць настаўнікамі з Расеі. Дырэктарамі школ, як пісала выданьне «Холод», украінскія настаўнікі працаваць адмаўляліся. Выданьне «Медиазона» летам апублікавала артыкул аб тым, што ў распараджэньні рэдакцыі аказаўся сьпіс з 214 расейскіх настаўнікаў, адпраўленых працаваць на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З вывучэньнем міннай бясьпекі і бяз «русского мира». Як вайна паўплывала на адукацыю ва ЎкраінеУ Дагестане на сайце рэгіянальнага міністэрства адукацыі быў разьмешчаны зварот да жадаючых зьехаць працаваць у самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР», дзе з 1 верасьня гэтага году спрабуюць увесьці ў школах расейскую праграму навучаньня. Такія абʼявы сьведчаць ня толькі пра тое, што акупацыйныя ўлады незаконна пераводзяць украінскіх дзяцей на навучаньне па расейскіх школьных праграмах, але і пра тое, што ўкраінскія настаўнікі адмаўляюцца працаваць ва ўмовах вайны. 1 верасьня ва ўсёй акупаванай частцы Херсонскай вобласьці пачалі вучыцца ўсяго 15 500 школьнікаў, хоць толькі ў адным Херсоне да вайны школьнікаў было 35 тысяч.
Многія ўкраінскія настаўнікі, якія разам са сваімі дзецьмі пасьля пачатку агрэсіі пакінулі свае дамы, аказаліся ў краінах Эўразьвязу. Каля 11 тысяч настаўнікаў засталіся на акупаваных тэрыторыях, амаль 24 тысячы выехалі за мяжу, некаторыя знайшлі працу па спэцыяльнасьці ў ЭЗ. У краінах, якія прынялі найбольшую колькасьць уцекачоў ня толькі ў лічбавым выражэньні, але і на душу насельніцтва — у Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, — зьявіліся клясы, у якіх выкладаньне вядзецца з удзелам украінскіх спэцыялістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школы на акупаваных тэрыторыях Украіны рыхтуюць да «русыфікацыі»Так, чэскія ўлады меркавалі, што вучыцца ў краіне застануцца 130 тысяч дзяцей уцекачоў. Аднак у выніку, паводле слоў міністра адукацыі Ўладзіміра Балаша, пачалі навучаньне ад 57 да 60 тысяч вучняў з Украіны, якія абавязаны атрымліваць пачатковую школьную адукацыю. Міністар казаў пра тое, што лічбы яшчэ ўдакладняюцца і гэта ўсяго чвэрць дзяцей, якія аказаліся ў Чэхіі пасьля пачатку вайны.
5 тысяч украінскіх старшаклясьнікаў, паводле дадзеных чэскага Мінадукацыі, павінны былі паступіць у сярэднія школы, аднак з 16 гадоў адукацыя ў Чэхіі не зьяўляецца абавязковай, таму гэтым вучням надавалі менш увагі і ня ўсе яны пасьпелі вывучыць асновы чэскай мовы, каб патрапіць на вучобу.