Кароль заявіў, што ўсё жыцьцё Лізаветы II было напоўнена служэньнем брытанскім падданым. Адвага і вернасьць абавязку спалучаліся ў ёй з чалавечай цеплынёй, пачуцьцём гумару і ўменьнем заўсёды бачыць лепшае ў людзях.
Карл III адзначыў, што яго маці ўзышла на трон, калі Брытанія яшчэ адчувала на сабе наступствы Другой сусьветнай вайны і жыла старымі ўяўленьнямі аб сьвеце. Падчас яе кіраваньня брытанскае грамадзтва мянялася, злучыўшы ў сабе людзей мноства нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў. Мяняліся і прынцыпы кіраваньня дзяржавай. Аднак, падкрэсьліў кароль, прынцыпы і каштоўнасьці брытанскай манархіі, англіканскай царквы, тыя традыцыі і свабоды, што ляжаць у аснове парлямэнцкага праўленьня, павінны і будуць заставацца непарушнымі.
Карл III зьвярнуўся да ўсіх брытанскіх грамадзян і паабяцаў, што на працягу ўсяго свайго жыцьця будзе служыць ім «зь вернасьцю, павагай і любоўю», падтрымліваючы пры гэтым асновы канстытуцыйнага парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы брытанцаў сустрэлі ў Лёндане караля Карла III«Маё жыцьцё і жыцьцё маёй сям’і, вядома, зьменіцца», — сказаў кароль. Ён прызнаў, што больш ня зможа ў такім абʼёме, як раней, займацца дабрачыннасьцю, але выказаў упэўненасьць, што пачатыя ім праекты будуць перададзеныя ў добрыя рукі. Ён падзякаваў сваёй жонцы Каміле, зь якой знаходзіцца ў шлюбе ўжо 17 гадоў, і паабяцаў, што яна будзе з годнасьцю несьці абавязкі каралевы-кансорта.
Ён згадаў, што тытулы прынца і прынцэсы Валійскіх зараз будуць насіць яго старэйшы сын, наступны спадчыньнік прастола прынц Уільям, і яго жонка Кэтрын. Малодшаму сыну, прынцу Гары, і яго жонцы Мэган ён пажадаў «шчасьлівага жыцьця за акіянам».
На заканчэньне Карл III сказаў, што на наступным тыдні адбудзецца пахаваньне Лізаветы II. Ад свайго імя, ад імя каралеўскай сямʼі і брытанскага народа ён можа сказаць маці галоўнае слова — «дзякуй». «Ды захоўваюць анёлы твой спакой», — завяршыў сваю прамову кароль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II. Прынц Чарлз стаў каралём Карлам ІІІПрэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Ліз Трас увечары ў пятніцу прыбыла ў Букінгемскі палац, каб сустрэцца з каралём і выказаць яму свае спачуваньні наконт сьмерці Елізаветы II. Каралева афіцыйна прызначыла Трас на пасаду прэмʼер-міністра 6 верасьня, за два дні да сваёй сьмерці.
10 верасьня Карл III будзе афіцыйна абвешчаны каралём Вялікай Брытаніі і сустрэнецца з брытанскім кабінэтам міністраў.
Каралю Карлу III 73 гады. Да ўзыходжаньня на пасад ён меў тытул прынца Валійскага. На брытанскім троне ён зьмяніў сваю маці, каралеву Лізавету II, якая памерла 8 верасьня ва ўзросьце 96 гадоў. Лізавета была каралевай Вялікай Брытаніі 70 гадоў і стала самым доўгакіруючым манархам у гісторыі Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў першы мой у жыцьці рэвэранс», — беларусы згадваюць пра сустрэчы з каралевай Лізаветай ІІ