Апытаньне праводзіў брытанскі аналітычны цэнтар Chatham House 4–21 жніўня праз інтэрнэт-інтэрвію. У дасьледаваньні прынялі ўдзел 793 чалавекі з розных гарадоў Беларусі. Раней такія апытаньні праходзілі ў красавіку і чэрвені, піша BPN.
Паводле кіраўніка праекту, адносіны да заходніх краін пасьля пачатку вайны «застаюцца адносна стабільнымі». «Вельмі добра» ці «ў цэлым добра» да Польшчы ставяцца 65% апытаных, да Літвы — 66%, да Эўразьвязу ў цэлым — 66%, да ЗША — 51%.
«Нягледзячы на ўзьдзеяньне беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, таго, што многія чыноўнікі пастаянна абвінавачваюць Захад, антызаходняя рыторыка не працуе, — канстатаваў Астапеня. — Стаўленьне да Польшчы, Літвы, ЗША застаецца дастаткова пазытыўным. Гэты фэномэн неабходна вывучаць ня толькі ў кантэксьце прапаганды, але і ўвядзеньня значных эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі. Мы бачым, што санкцыі ня ўплываюць на тое, як беларусы ставяцца да краінаў Захаду».
Пры гэтым 60% беларусаў ня згодныя са сьцьвярджэньнем, што «санкцыі не закрануць простых грамадзян». У красавіку такога пункту гледжаньня прытрымлівалася 69 працэнтаў рэспандэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы хочуць дыстанцыявацца ад вайны ва Ўкраіне, — новае апытаньне Chatham HouseПа-ранейшаму лепш за ўсё беларусы ставяцца да Расеі — 71% апытаных заявілі пра «добрае» ці «ў асноўным добрае» стаўленьне да РФ.
За паўгода скарацілася колькасьць «прыхільнікаў зьнешнепалітычнай роўнааддаленасьці» — тых, хто выступае за адначасовы саюз з Расеяй і Эўразьвязам, і тых, хто не жадае бачыць Беларусь у якіх-кольвек саюзах. Калі ў красавіку такой пазыцыі прытрымліваліся 21% апытаных, то ў жніўні — у 19% (у красавіку 2021-га — 13%).
За саюз Беларусі з ЭЗ выступае 17% апытаных, з Расеяй — 37%. Пры гэтым саюз з РФ ім «бачыцца хутчэй як эканамічны, а не палітычны ці вайсковы», падкрэсьліў Астапеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі сацыёляг: Гэта чужая вайна для беларусаў