Старшыня Дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю, дэпутат Эўрапарлямэнту Юозас Олекас і сталы дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі Пятрас Аўштравічус выступілі з заявай, у якой заклікалі «імкліва скараціць колькасьць беларускіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Бруселі і іншых эўрапейскіх сталіцах», а таксама перагледзець сваю дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі.
Гэтую заяву яны зрабілі ў сувязі з затрыманьнем 6 верасьня ў Менску часовай паверанай у справах ЭЗ у Беларусі Эвэліны Шульц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часовую павераную ў справах ЭЗ у Беларусі затрымалі пасьля суду над палітвязьнямі і каля дзьвюх гадзін утрымлівалі ў міліцыі«Гэтая абуральная правакацыя — прамы фізычны напад на акрэдытаванага дыплямата — яшчэ адно сьведчаньне таго, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху, нават калі гэта азначае паставіць пад пагрозу тое, што засталося ад дыпляматычных адносінаў з суседзямі», — гаворыцца ў заяве.
Эўрадэпутаты падкрэсьлілі, што затрыманьне эўрапейскага дыплямата — гэта парушэньне міжнародных дамоваў, ратыфікаваных Беларусьсю, у першую чаргу — Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах.
Таксама Юозас Олекас і Пятрас Аўштравічус зноў зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў, зьняць зь іх усе абвінавачаньні і пачаць сапраўдны, інклюзыўны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часовага паверанага Беларусі ў Брусэлі выклікалі на размову пасьля затрыманьня дыпляматкі ў МенскуЧасовую павераную ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Эвэліну Шульц затрымалі пасьля заканчэньня суду ў «справе анархістаў» і праваабаронцы Марфы Рабковай і даставілі ва УУС Фрунзэнскага раёну Менску. Яе ўтрымлівалі там каля дзьвюх гадзін.
Шульц паведаміла журналістам, што яна неаднаразова давала зразумець праваахоўнікам, што мае дыпляматычную недатыкальнасьць, прад’явіла як дыпляматычную карту, так і дыпляматычны пашпарт. Нягледзячы на гэта, супрацоўнік міліцыі папрасіў яе праз прадстаўніка МЗС (які перакладаў) прыняць афіцыйны «пратакол» і падпісаць яго. Па словах Шульц, падчас чытаньня пратакола яе здымалі на відэакамэру.
Пасьля інцыдэнту Эвэліну Шульц таксама выклікалі ў МЗС Беларусі і папярэдзілі «аб наступствах правакацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі абвінаваціў прадстаўніцу ЭЗ у Менску ў «правакацыі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніцтва ЭЗ папрасіла ўлады Беларусі вырашыць праблему перасьледу дыпляматаў «сумнавядомымі прадстаўнікамі» дзяржаўных СМІ