«Нічога благога, нічога добрага — такі „чалавек бяз твару“». Што вядома пра новага кіраўніка ГУБАЗіК

8 верасьня стала вядома, што ГУБАЗіК цяпер мае новага кіраўніка — Андрэя Ананенку. Што пра яго вядома?

Андрэй Ананенка

У гарачую пару пратэстаў-2020 ГУБАЗіК узначальваў Мікалай Карпянкоў, які асабіста «граміў» вітрыны ў цывільным. Ён перайшоў на пасаду намесьніка міністра ўнутраных спраў. Пасьля Карпянкова ведамства ўзначаліў Андрэй Паршын. У чэрвені 2022 году Паршын стрэліў у падлетка, які «хуліганіў». Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі «пакаяльнае відэа» з бацькамі падлетка.

Дзе цяпер Андрэй Паршын — невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька 16-гадовага падлетка, у якога страляў экс-начальнік ГУБАЗіКа, папрасіў прабачэньня ў сілавіка за сына

Андрэй Ананенка працуе ў міліцыі з 1999 году. Пачынаў з аддзелу на транспарце камітэту па арганізаванай злачыннасьці і карупцыі. Быў старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах ГУБАЗіК, намесьнікам начальнка аддзелу па прадухіленьні супрацьпраўнай дзейнасьці ў органах дзяржаўнай улады ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй.

У 2019 годзе ён узначаліў 5-е (па горадзе Менску) упраўленьне ГУБАЗіК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У апошнім слове ў судзе Марфа Рабкова параўнала ГУБАЗіК з гестапа і выказала ўпэўненасьць у перамозе дэмакратыі

Прадстаўнік Пераходнага кабінэту па аднаўленьні правапарадку і прадстаўнік BYPOL Аляксандар Азараў адзначыў у камэнтары Свабодзе, што Ананенка — давераная асоба Мікалая Карпянкова. «Калі ён быў начальнікам Пятага ўпраўленьня ГУБАЗіК, у яго ў падначаленых быў сын Карпянкова. Той жа начальнікамі для сына прызначаў правераных людзей. Тое, што яго цяпер павысілі, кажа, што давер перад Карпянковым ён апраўдаў», — кажа Азараў.

Ён дадаў, што падчас працы ў ГУБАЗіК ня чуў нэгатыўных ці карупцыйных гісторый пра Ананенку. «Быў звычайным супрацоўнікам. Наконт яго не хадзіла нейкіх плётак, нэгатыўных гісторый. Звычайны супрацоўнік, якому далі загад — ён выконвае. Такі нэўтральны чалавек, нічога благога ці добрага пра яго сказаць не магу, як памятаеце гісторыю пра шпіёна — „чалавека бяз твару“», — дадаў прадстаўнік BYPOL.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Панк-музыку Жаркевіча, якога ў кайданках прымусілі несьці дзьверы ад лядоўні, пасадзілі на 13 сутак