Цяпер пры выкарыстаньні дрона, незалежна ад яго масы, трэба будзе апавяшчаць найбліжэйшы тэрытарыяльны орган памежнай службы, паведамляе прэс-служба ведамства. Раней гэтае правіла ня тычылася дронаў масай менш за кіляграм.
«Забаронена выкарыстаньне і (або) валоданьне бесьпілётнікам у памежнай паласе, а таксама яго пакіданьне па-за населенымі пунктамі, разьмешчанымі ў памежнай зоне, без апавяшчэньня органаў памежнай службы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Больш за тое, цяпер некаторыя віды дронаў перад выкарыстаньнем у межах памежнай зоны будуць падлягаць дзяржаўнай рэгістрацыі.
Штраф за невыкананьне правілаў выкарыстаньня бесьпілётнікаў у памежнай паласе дасягае 50 базавых велічынь (1600 рублёў), у памежнай зоне — 20 базавых велічынь (640 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над паловай Новага замку ў Горадні нельга запускаць дроны. 10 «беспалётных неспадзяванак»У ведамстве нагадваюць, што ў Беларусі дзейнічаюць забароненыя зоны для выкарыстаньня бесьпілётнікаў. Іх можна пабачыць на публічнай кадастравай карце ДУП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва».
З пачатку 2022 году беларускія памежнікі зафіксавалі 20 выпадкаў парушэньня памежнага рэжыму з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі прапанавала дазволіць зьбіваць дроны ў забароненых зонах