Міністэрства абароны Беларусі пры падтрымцы «зацікаўленых дзяржаўных органаў» ініцыявала прыняцьце заканадаўчага акту, які дазволіць ужываць сродкі паражэньня бесьпілётных лятальных апаратаў, калі тыя будуць несанкцыянавана лятаць у паветранай прасторы ўстаноўленых забароненых зон.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказалі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.
«Згаданая ініцыятыва выкліканая тым, што ў шэрагу дзяржаў выяўленыя факты прымяненьня БЛА (бесьпілётнікаў. — РС) у злачынных мэтах, уключаючы незаконнае атрыманьне інфармацыі, ажыцьцяўленьне дывэрсій, актаў тэрарызму на аб’ектах пад аховай і ў месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў», — сказалі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Прапановы цяпер на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў.
Дроны больш за 7 кіляграмаў прапануецца сэртыфікаваць
Таксама ў Палаце прадстаўнікоў разглядаецца законапраект, які прадугледжвае правядзеньне абавязковай сэртыфікацыі БЛА масай больш за 7 кіляграмаў.
Гэта выклікана «неабходнасьцю забесьпячэньня бясьпечных умоў іх выкарыстаньня».
Каардынаты зонаў прапануецца ўнесьці ў кантралёры кіраваньня дронамі
Пытаньні па выкарыстаньні паветранай прасторы краіны застаюцца ў юрысдыкцыі Міністэрства абароны.
У 2016 годзе па рэкамэндацыі вайсковага ведамства вызначаныя 16 спэцыяльных зонаў, над якімі забароненыя палёты любых клясаў авіямадэляў і бесьпілётных лятальных апаратаў. Гэта тлумачылася меркаваньнямі нацыянальнай бясьпекі.
Каб БЛА не заляталі ў забароненыя зоны, Мінабароны прапанавала ўнесьці каардынаты гэтых зонаў у кантралёры кіраваньня дронамі, паведамляе сайт belvpo.com. Дзеля гэтага ідзе праца над адмысловым пагадненьнем з кампаніяй DJI — вядомым вытворцам электроннай начынкі для бесьпілётнікаў.
Лёс зьніклых дронаў пакуль невядомы
Падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску 25 сакавіка каля тэатру опэры і балету некалькі прыватных асобаў, а таксама Tut.by і «Белсат» страцілі свае дроны.
Паводле міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, дзе гэтыя дроны, міліцыя ня ведае.
«Гэта магла быць тэхнічная памылка апэратара, мог быць збой у працы кіраўнікоў сыстэмаў, а маглі і сагнаць — не выключаю нічога, разьбіраемся», — заявіў журналістам Ігар Шуневіч.
Арганізатары сьвяткаваньня каля Опэрнага тэатру заяўлялі, што дроны зьніклі ня проста так — іх наўмысна зганялі; ня выключана, на думку арганізатараў сьвята, што праз хакерскую атаку.
Кіраўнік аддзелу інфармацыйнай бясьпекі адной з буйных IT-кампаній на ўмовах ананімнасьці сказаў Свабодзе, што спосабаў узламаць бесьпілётнік два. Узломваецца або пульт кіраваньня дронам, або сам дрон. Усё гэта робіцца на адлегласьці, ніхто за плячыма не стаіць. Дастаткова 200–300 мэтраў. Ідэальна — зьверху, аднак на роўнай пляцоўцы можна перахопліваць сыгналы з пульта і па гарызанталі.
Паводле яго, сфатаграфаваная на даху «дома Чыжа» прылада вельмі нагадвае скіраваную Wi-Fi антэну, якую можна выкарыстоўваць і дзеля таго, каб узламаць пульт кіраваньня дронам.