Як паведамляе «Гомельская вясна», 6 верасьня кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі правяла пазачарговую атэстацыю адвакатаў, у тым ліку чацьвярых — з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў. Пад атэстацыю трапілі Генадзь Уласенка (Мазыр), Тацяна Саўчанка і Павал Кулажанка (Рэчыца), а таксама Ганна Паўлюк (Гомель). Іх пазбавілі ліцэнзій адвакатаў.
Паводле «Вясны», яны раней абаранялі палітвязьняў.
Такое рашэньне ў Міністэрстве юстыцыі прынялі, нягледзячы на тое, што адвакат Ганна Паўлюк, напрыклад, мае больш за 10 гадоў стажу работы па спэцыяльнасьці, зьяўляецца магістрам юрыдычных навук і выкладчыцай ва ўнівэрсытэтах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адбылася ліквідацыя адвакацкіх бюро і прыватнай адвакацкай практыкі». Лаеўскі — пра «карную апэрацыю» і сыход траціны адвакатаў з прафэсііПаўлюк абараняла Леаніда Судаленку і іншых палітвязьняў. Адвакат Тацяна Саўчанка мае звыш 36 гадоў стажу працы па спэцыяльнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абараняліПасьля сфальшаваных выбараў 2020 году і хвалі рэпрэсіяў ўлады забралі ліцэнзіі ў дзясяткаў адвакатаў, некаторых пакаралі ў судах, некалькі пазбаўленых ліцэнзій адвакатаў змаглі працаўладкавацца ў Расеі.
4 жніўня кваліфікацыйная камісія прыняла рашэньні «аб магчымасьці спыненьня дзеяньня ліцэнзій» чатырох сябраў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў: арыштаванага і прызнанага палітвязьнем Віталя Брагінца, а таксама Сяргея Афонскага, Ларысы Атаманчук і Ілоны Залуцкай.
Агулам больш за 50 адвакатаў пазбавілі ліцэнзій нібыта за парушэньне заканадаўства.
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна «знаходзіцца пад кантролем» і «дзейнічаць па законе, а не нейкіх прыдуманых нормах – свабоды слова і іншых свабодах».