Пуцін прыгразіў абмежаваць вываз збожжа з Украіны

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што вываз збожжа з украінскіх партоў, разблякаваны ў выніку ўмяшаньня ААН і Турэччыны ў ліпені, варта абмежаваць.

Выступаючы на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку, Пуцін паабяцаў абмеркаваць гэтае пытаньне з турэцкім прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

«Мы зрабілі ўсё для таго, каб украінскае збожжа было вывезена, — сказаў Пуцін. — Мы зрабілі гэта разам з Турэччынай. Калі выключыць Турэччыну як краіну-пасярэдніцу, то практычна ўсё збожжа, якое вывозіцца з Украіны, накіравана ня ў бедныя краіны, якія разьвіваюцца, а ў краіны Эўразьвязу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Афрыку прыбыло першае з пачатку вайны судна са збожжам з Украіны

Пуцін сьцьвярджае, што па лініі Сусьветнай праграмы харчаваньня ААН было загружана «ўсяго два караблі з 87». «І на іх было вывезена 60 тысяч тон харчаваньня з 2 млн тон», — заявіў расейскі прэзыдэнт, назваўшы эўрапейскія краіны «калянізатарамі», якія падманваюць краіны, што разьвіваюцца.

«Можа, варта задумацца пра тое, каб абмежаваць кірунак вывазу збожжа і гандлёвых харчоў гэтым маршрутам [у Эўропу]? Я абавязкова параюся на гэту тэму з прэзыдэнтам Турэччыны, спадаром Эрдаганам», — дадаў Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампраміс у Стамбуле: ААН і Турэччына падпісалі 2 асобныя дамовы аб пастаўках украінскага збожжа: адну з Украінай, другую з Расеяй
  • Пагадненьні, заключаныя пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, дзейнічаюць усяго 120 дзён. Іх падпісалі Ўкраіна і Расея 22 ліпеня ў Стамбуле, пасьля чаго ў Чорным моры пачалі дзейнічаць збожжавыя калідоры. Да гэтага экспарт збожжа і кукурузы быў заблякаваны ў сувязі з узброеным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.