Часовую павераную ў справах Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Эвэліну Шульц затрымалі пасьля заканчэньня суду ў «справе анархістаў» і праваабаронцы Марфы Рабковай і даставілі ва УУС Фрунзэнскага раёну Менску.
Яе ўтрымлівалі там каля дзьвюх гадзін, паведаміла BPN крыніца ў дыпляматычных колах ЭЗ.
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адзін з эўрапейскіх дыпляматаў, які працуе ў Менску.
Пра тое, што здарылася, былі апавешчаныя кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Менску Дырк Шубэль (у сярэдзіне 2021 году на патрабаваньне беларускіх уладаў пакінуў краіну і працуе з-за мяжы) і кіраўніцтва ЭЗ у Бруселі.
Іншыя эўрапейскія дыпляматы, якія прыбылі 6 верасьня на вынясеньне выраку ў Менскі гарадзкі суд, не затрымліваліся.
Афіцыйнай рэакцыі на тое, што здарылася, Эўразьвязу і яго беларускага прадстаўніцтва пакуль няма. Невядома таксама, ці складаўся на дыпляматку ў міліцыі пратакол.
Паводле Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах дыпляматы валодаюць імунітэтам.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасьля вынясеньня прысуду каля будынка суду былі затрыманыя і дастаўленыя ў Фрунзэнскі РУУС таксама некалькі сваякоў асуджаных, праваабаронца Анастасія Лойка і іншыя грамадзяне — усяго ня менш за 13 чалавек. Дваіх — Насту Лойку і Данііла Крашэўскага — будуць судзіць, астатніх адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Пасьля суду па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» затрымалі праваабаронцу Насту Лойку, сваякоў вязьняў, дыпляматаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпусьцілі ўсіх затрыманых, акрамя Насты Лойкі і Данііла КрашэўскагаРазгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.
Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі Рабковай, Францкевічу і яшчэ васьмі палітвязьням: да 17 год зьняволеньня, агулам на 94 гады турмы